7 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 жніўня, паводле папярэдніх даных, склалі $8 млрд 627,9 млн (у эквіваленце), паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка.
За ліпень золатавалютныя рэзервы выраслі на $337,1 млн (на 4,1 працэнта) пасля росту ў чэрвені 2019 года на $200,8 млн (на 2,5 працэнта).
У ліпені ўрадам і Нацыянальным банкам выканана знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля $500 млн.
Павелічэнню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у ліпені садзейнічалі купля замежнай валюты Нацбанкам на таргах ААТ "Беларуская валютна-фондавая біржа", паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад спагнання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, паступленне сродкаў ад продажу Міністэрствам фінансаў аблігацый, намініраваных у замежнай валюце.
Згодна з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2019 год аб'ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2020 года павінен скласці не менш як $7,1 млрд.