7 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 чэрвеня склалі $6,94 млрд, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка.
Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 чэрвеня, паводле папярэдніх даных, склалі $6,939 млрд (у эквіваленце).
За май золатавалютныя рэзервы знізіліся на $98,5 млн (на 1,4 працэнта) пасля росту ў красавіку на $43,5 млн (на 0,6 працэнта).
Зніжэнне ўзроўню міжнародных рэзервовых актываў па выніках мая абумоўлена планавым пагашэннем урадам і Нацыянальным банкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на агульную суму каля $331 млн.
Падтрыманню ўзроўню міжнародных рэзервовых актываў у маі садзейнічалі паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад спагнання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, паступленне сродкаў ад продажы на ўнутраным рынку Нацыянальным банкам і Міністэрствам фінансаў аблігацый, намініраваных у замежнай валюце, купля замежнай валюты Нацбанкам на таргах ААТ "Беларуская валютна-фондавая біржа".
Згодна з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год аб'ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2019 года з улікам пагашэння ўрадам і Нацыянальным банкам унутраных і знешніх абавязацельстваў у замежнай валюце павінен скласці не менш як $6 млрд.