7 красавіка, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. У Беларусі знакам "Натуральны прадукт" маркіруецца больш як 260 найменняў харчовых тавараў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства гандлю.
"Цяпер дзейнічае 129 сертыфікатаў на права маркіраваць прадукцыю знакам "Натуральны прадукт", выдадзеных 47 айчынным вытворцам. Спецыяльным знакам маркіруецца больш як 260 найменняў харчовых тавараў, у тым ліку звыш 20 малочных біяпрадуктаў, амаль 50 найменняў малака, больш як 20 найменняй смятаны", - адзначылі ў прэс-службе Мінгандлю.
Поўны пералік прадуктаў і іх вытворцаў прадстаўлены на афіцыйным сайце Дзяржстандарту ў тэматычным банеры.
Натуральны прадукт блізкі да прадукцыі так званай арганічнай вытворчасці - вырабленай без выкарыстання (або з меншым выкарыстаннем) сінтэтычных пестыцыдаў і мінеральных угнаенняў, ГМА, штучных харчовых дабавак, без рафінавання, мінералізацыі і іншых прыёмаў, якія зніжаюць пажыўныя ўласцівасці прадукту, без дабаўлення штучных араматызатараў і фарбавальнікаў. "Цяпер у Беларусі адсутнічае прававая база, што датычыцца арганічнай вытворчасці. У сувязі з гэтым сельгаспрадпрыемствы рэспублікі не маюць сертыфікатаў на выпуск арганічнай прадукцыі", - канстатавалі ў прэс-службе Міністэрства гандлю.
7 красавіка ў дзень стварэння Сусветнай арганізацыі аховы здароўя адзначаецца Сусветны дзень здароўя. Штогод у гэты дзень з мэтай павышэння інфармаванасці і прыцягнення ўвагі адносна якой-небудзь важнай праблемы глабальнай аховы здароўя арганізуюцца міжнародныя, рэгіянальныя і мясцовыя мерапрыемствы. У 2015 годзе тэма Сусветнага дня здароўя - "Бяспека харчовых прадуктаў".