6 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Васіль Жарко даручыў выбудаваць дакладную стратэгію па нарошчванні экспартных паставак беларускіх лекавых сродкаў. Аб гэтым ён заявіў на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі з міжнародным удзелам "Інвестыцыйная прывабнасць фармацэўтычнай галіны Рэспублікі Беларусь", якая праходзіць сёння ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Неабходна выбудоўваць доўгатэрміновыя гандлёвыя адносіны з пакупнікамі беларускіх лекавых прэпаратаў, актыўна пашыраць геаграфію паставак. Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача - экспарт лекавых сродкаў у 2022 годзе павінен быць на ўзроўні не ніжэйшым за 50 працэнтаў ад аб'ёму вытворчасці. Да канца бягучага года неабходна перагледзець усе вытворчыя праграмы, выбудаваць дакладную стратэгію дасягнення пастаўленых мэт", - сказаў Васіль Жарко.
Фармацэўтычны рынак Беларусі на сучасным этапе ўяўляе сабой адзін з найбольш дынамічных і хуткарослых сегментаў нацыянальнай эканомікі, адзначыў віцэ-прэм'ер. Паводле яго слоў, за апошнія пяць гадоў удалося правесці маштабную мадэрнізацыю і тэхнічнае перааснашчэнне дзеючых вытворчасцей, стварыць новыя прадпрыемствы. Гэта садзейнічала штогадоваму нарошчванню аб'ёмаў вытворчасці, павелічэнню паставак лекавых сродкаў на ўнутраны і знешні рынкі.
Сёння фармпрадпрыемствы дэманструюць адзін з самых высокіх у краіне паказчыкаў эканамічнай эфектыўнасці. За пяцігадовы перыяд аб'ём вытворчасці фармпрадукцыі ў краіне павялічыўся ў доларавым эквіваленце больш як у 1,7 раза. Паспяхова выканана даручэнне кіраўніка дзяржавы па павелічэнні долі беларускіх лекавых сродкаў на ўнутраным рынку. Іх удзельная вага ў вартасным выражэнні ў 2017 годзе склала 53,7 працэнта. На трэць павялічыўся аб'ём паставак на экспарт. Па выніках 2017 года гэта лічба склала $147,9 млн.
У краіне штогод рэгіструецца і асвойваецца вытворчасць больш як 100 найменняў новых лекавых сродкаў.
"Асноўнай задачай сучаснай фармацэўтычнай прамысловасці Беларусі з'яўляецца пераход на інавацыйную мадэль развіцця, якая ўключае асваенне новага пакалення лекавых сродкаў, больш актыўнае развіццё біятэхналогій і лічбавізацыю галіны", - адзначыў Васіль Жарко. Паводле яго слоў, неабходна больш сур'ёзная аддача ад беларускай навукі. Важна прыцягваць маладыя амбіцыйныя кадры, здольныя эфектыўна вырашаць задачы па стварэнні арыгінальных лекавых сродкаў і фармацэўтычных субстанцый. Неабходна дакладна выбудаваць работу з патэнцыяльнымі інвестарамі.
На канферэнцыі прадстаўнікі зацікаўленых ведамстваў і фармацэўтычных кампаній абмяркоўваюць праблемныя аспекты галіны, якія маюць патрэбу ў дапрацоўцы і далейшым адлюстраванні ў нацыянальных нарматыўных прававых актах. Па выніках канферэнцыі будзе прынята рэзалюцыя, дзе будуць адлюстраваны неабходныя мерапрыемствы па стварэнні і развіцці інавацыйнай экспартна-арыентаванай фармацэўтычнай прамысловасці Беларусі.