22 студзеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. 2023 год стаў для беларускіх нафтавікоў ураджайным на адкрыцці новых радовішчаў, а таксама рэкордным па аб'ёмах здабычы чорнага золата, паведамілі БЕЛТА на прадпрыемстве "Беларуснафта".
За 2023 год у "Беларуснафце" здабылі 1876 тыс. т нафты. Паводле даных кампаніі, гэта рэкордны паказчык за 28 гадоў. Таксама спецыялісты адзначаюць, што ў тым ліку са свідравін, прабураных у 2023 годзе, здабылі 201 тыс. т сыравіны. Гэта яшчэ адзін беспрэцэдэнтна высокі вынік. "Упершыню за апошнія 40 гадоў прырост запасаў за кошт адкрыцця новых радовішчаў перавысіў гадавы ўзровень здабычы чорнага золата больш як на 400 тыс. т", - паведамлялі раней у кампаніі.
Яшчэ адзін важны паказчык - праходка горных парод. У мінулым годзе пройдзена 220 тыс. м.
Такія паказчыкі - вынік штодзённай маштабнай работы, укаранення самых сучасных тэхналагічных рашэнняў. Так, беларускія нафтавікі першымі сярод краін СНД прымянілі перадавую тэхналогію і ўстанавілі абсалютны рэкорд па колькасці стадый гідраразрыву пласта за суткі.
Пачатак 2024 года таксама азнаменаваўся новымі адкрыццямі. "Беларуснафта" знайшла новую залеж чорнага золата ў Гомельскай вобласці. Перспектывы беларускія нафтавікі звязваюць з участкам Гарцаўскай плошчы, геаграфічна размешчанай у межах Хойніцкага і Рэчыцкага раёнаў.
Вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта" створана ў 1966 годзе. Прадпрыемства вядзе пошук, разведку і распрацоўку нафтавых радовішчаў, бурэнне свідравін, здабычу нафты і спадарожнага нафтавага газу ў Беларусі, працуе ў нафтавай сферы іншых краін.