31 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каталонія прапануе Беларусі стварыць сумесную зборачную вытворчасць электробусаў. Аб гэтым паведаміў сёння міністр транспарту і інфраструктуры Каталоніі Ісідрэ Гавін на сустрэчы з дырэктарам Нацыянальнага цэнтра маркетынгу МЗС Беларусі Валерыем Садохам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У нас ёсць прадпрыемствы па вытворчасці матацыклаў, фургонаў, паяздоў, але няма ні аднаго выпуску аўтобусаў. Дзякуючы супрацоўніцтву з кампаніяй "Белкамунмаш" мы зможам узбагаціць свой вопыт у гэтай сферы. Гэта будзе саюз на доўгатэрміновую перспектыву. Мы зможам пакрываць не толькі патрэбы Каталоніі, але і прадаваць гатовую прадукцыю ў іншыя рэгіёны Іспаніі і суседнія краіны", - сказаў Ісідрэ Гавін. Беларускі бок будзе пастаўляць асобныя дэталі або вузлы, а зборка пройдзе на іспанскай тэрыторыі.
"Каталонія з'яўляецца лідарам аўтамабільнай прамысловасці і валодае рознымі тэхналогіямі, якія маглі б дапамагчы беларускім прадпрыемствам выйсці на новыя рынкі збыту", - падкрэсліў міністр.
Акрамя вытворчай кааперацыі каталонскі бок таксама разглядае магчымасць закупкі транспарту ў Беларусі. "Ёсць два варыянты паставак - закупка прыватнымі або дзяржпрадпрыемствамі. Што датычыцца дзяржаўных, мы можам гаварыць аб 2 тыс. электробусаў, трамваяў і тралейбусаў, каб пакрыць патрэбы Барселоны і Каталоніі", - адзначыў Ісідрэ Гавін.
Што датычыцца вынікаў сустрэчы дэлегацыі Каталоніі і прадстаўнікоў авіякампаніі "Белавія", то, паводле слоў міністра, тэма арганізацыі палётаў лоў-костаў паміж краінамі не абмяркоўвалася. "Мы зрабілі прапанову кампаніі "Белавія" стварыць рэйс на рэгулярнай аснове паміж Мінскам і горадам Рэўс. Гаварылі таксама аб існуючым рэйсе Мінск-Барселона", - дадаў ён.
"У Каталоніі добра развіта хімічная, фармацэўтычная прамысловасць, машынабудаванне, электроніка, будаўніцтва, сельская гаспадарка. Беларуска-іспанскі тавараабарот складае прыкладна $300 млн. Для Іспаніі гэта вельмі мала. Мы маглі б яго павялічыць у 5-10 разоў", - адзначыў у сваю чаргу дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынгу МЗС Беларусі Валерый Садоха.
Асноўныя пазіцыі беларускага экспарту ў Іспанію - мэбля, шкловалакно, ільняныя тканіны, будаўнічыя канструкцыі. З Іспаніі пастаўляюцца фрукты, металаканструкцыі, лякарствы, агародніна, віно і іншая прадукцыя.