9 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Місія Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусь, якая планавалася з 19 па 30 сакавіка, пераносіцца, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прадстаўніцтве МВФ у Мінску.
"Запланаваная місія МВФ пераносіцца на больш позні тэрмін. Гэта звязана з тым, што ў штаб-кватэры ў Вашынгтоне прынята рашэнне абмежаваць камандзіроўкі супрацоўнікаў фонду з-за сітуацыі з каранавірусам у свеце", - паведамілі ў прадстаўніцтве МВФ.
Як паведамлялася, місія МВФ па Артыкуле IV у Беларусі планавалася з 19 па 30 сакавіка. У адпаведнасці з Артыкулам IV статута фонду з дзяржавамі-членамі праводзяцца двухбаковыя абмеркаванні, звычайна кожны год. Група супрацоўнікаў МВФ прыязджае ў краіну, збірае эканамічную і фінансавую інфармацыю і абмяркоўвае з афіцыйнымі органамі змяненні ў эканоміцы і эканамічную палітыку. Пасля вяртання ў штаб-кватэру МВФ персанал рыхтуе даклад.
Раней Міжнародны валютны фонд і Сусветны банк вырашылі з-за каранавіруса правесці штогадовую вясеннюю сесію ў фармаце відэаканферэнцый.