Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

23 Кст 2020

Вялікія таргі сырым малаком прайшлі на БУТБ

Вялікія таргі сырым малаком прайшлі на БУТБ
Фота з архiва

23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 4 тыс. т сырога каровінага малака на суму Br3,9 млн прададзена па выніках апошніх таргоў на Беларускай універсальнай таварнай біржы (БУТБ). У гандлёвай сесіі прынялі ўдзел восем прадаўцоў і 21 пакупнік, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.

Усяго з пачатку года на БУТБ рэалізавана 92,3 тыс. т сырога малака на суму Br86,9 млн. Для параўнання за ўвесь мінулы год было прададзена толькі 14,6 тыс. т гэтай прадукцыі на Br13,6 млн. Высокія паказчыкі продажаў аналітыкі біржы звязваюць са "сталеннем" гэтага сегмента таварнага рынку, які паспяхова прайшоў этап станаўлення і на сёння забяспечвае значную долю ў біржавым тавараабароце сельгаспрадукцыі.

"За студзень-верасень аб'ём рэалізацыі сельгаспрадукцыі праз біржавую пляцоўку вырас на 5 працэнтаў і склаў Br700 млн. Больш за 11 працэнтаў ад гэтай сумы забяспечылі продажы сырога каровінага малака, якое разам з кармавымі дабаўкамі і шротам алейных увайшло ў тройку самых запатрабаваных тавараў сельскагаспадарчай групы. Гэта сведчыць аб тым, што біржавы рынак сырога малака ўжо цалкам сфарміраваўся і дынамічна развіваецца", - расказалі ў прэс-службе БУТБ.

Пры гэтым актыўна пашыраецца кола пастаўшчыкоў малочнай сыравіны. Так, калі ў мінулым годзе іх было не больш за 10, то цяпер у біржавых таргах рэгулярна ўдзельнічаюць каля 20 малакавытворцаў з розных рэгіёнаў краіны.

"Магчымасць рэалізаваць сыравіну па больш высокай цане, чым на пазабіржавым рынку, садзейнічае прыходу на біржавую пляцоўку новых ігракоў. Да таго ж, удзельнічаючы ў таргах, сельгаспрадпрыемствы не нясуць практычна ніякіх затрат, паколькі акрэдытацыя на біржы бясплатная, а біржавы збор складае ўсяго 10 капеек за здзелку", - адзначылі на БУТБ.

ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных бірж ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамогу замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі