13 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень" узначаліў топ індустрыяльных паркаў краін ЕАЭС і блізкага замежжа, паведамляе БЕЛТА.
Аналітыкі рэйтынгавага агенцтва BIK Ratings правялі даследаванне "Ацэнка і аналіз дзейнасці індустрыяльных паркаў краін ЕАЭС і блізкага замежжа". Прааналізавана 40 індустрыяльных паркаў з 10 краін - Азербайджана, Беларусі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Узбекістана і Эстоніі.
Ранжыраванне ажыццяўлялася па пяці групах паказчыкаў: падатковае акружэнне, інфраструктура, умовы ўступлення, індэкс чалавечага развіцця ў краіне, макраэканамічнае і палітычнае асяроддзе. Па выніках даследавання "Вялікі камень" узначаліў топ індустрыяльных паркаў.
Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень" - асаблівая эканамічная зона са спецыяльным прававым рэжымам, размешчаная за 25 км ад Мінска. Прыярытэтныя для парка напрамкі - машынабудаванне, электроніка і тэлекамунікацыі, біятэхналогіі, фармацэўтыка, новыя матэрыялы, лагістыка, электронная камерцыя, захоўванне і апрацоўка вялікіх аб'ёмаў даных.