23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. В'етнам мае намер супрацоўнічаць з Беларуссю ў развіцці медыцынскага і ваенна-гістарычнага турызму. Аб гэтым ішла размова на сустрэчы намесніка міністра спорту і турызму Міхаіла Партнога з в'етнамскай дэлегацыяй на чале з віцэ-старшынёй В'етнамскай нацыянальнай адміністрацыі па турызме Нгуен Куок Хунгам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінспорту.
Бакі абмеркавалі стан беларуска-в'етнамскага супрацоўніцтва ў галіне турызму, а таксама прапановы па пашырэнні кантактаў у гэтай сферы.
Міхаіл Партной адзначыў, што даўнія дружалюбныя адносіны паміж краінамі ствараюць спрыяльную аснову для ўмацавання супрацоўніцтва ў турызме, тым больш што дагаворна-прававая база для гэтага ўжо існуе - паміж Мінспорту і турызму Беларусі і Міністэрствам культуры, спорту і турызму В'етнама падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве. "Аснова ёсць, кантакты ўстаноўлены, аднак работа пакуль не мае сістэмнага характару. Адна з прычын - адсутнасць дакладнай і поўнай інфармацыі аб турыстычным патэнцыяле Беларусі, тых паслугах, якія мы аказваем аматарам падарожжаў", - адзначыў ён.
Адной з мэт візіту в'етнамскай дэлегацыі ў Беларусь з'яўляецца збор і аналіз інфармацыі аб краіне, перагаворы з калегамі з турыстычнага бізнесу. "У вас цудоўная прырода, добрыя людзі, нас вельмі многае звязвае. Для в'етнамцаў можа быць цікавым медыцынскі і ваенна-гістарычны турызм. Мы маем намер умацаваць сувязі з беларускімі калегамі па гэтых напрамках", - сказаў Нгуен Куок Хунг.
Ён таксама прапанаваў арганізаваць узаемныя туры для прадстаўнікоў туркампаній і СМІ і запрасіў беларускі бок да ўдзелу ў турыстычных выстаўках, якія праходзяць у В'етнаме.-0-