29 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Узровень харчовай бяспекі па ўсіх відах прадукцыі ў нашай краіне дасягае 95 працэнтаў. Аб гэтым, выступаючы з дакладам аб стратэгічных напрамках развіцця беларускай перапрацоўчай прамысловасці, расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення перапрацоўчай прамысловасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Марыя Клімава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Пандэмійны час даказаў эфектыўнасць работы нашага аграпрамысловага комплексу. Ва ўмовах, калі можна было спадзявацца толькі на ўласныя сілы, мы забяспечылі ўсімі прадуктамі харчавання сябе і знайшлі рэсурсы падзяліцца з іншымі краінамі. Вынік укладзеных у аграрны сектар Беларусі капіталаў відавочны. Мы з гонарам заяўляем, што дасягнулі поспехаў. Так, сёння ўзровень харчовай бяспекі ў рэспубліцы дасягае 95 працэнтаў. Мы не вырабляем толькі тую прадукцыю, якую не можам вырабляць з-за геаграфічных умоў. Так, у нас няма мора і пальмаў, разам з тым, асноўныя сацыяльна значныя прадукты мы выпускаем у разы большыя аб'ёмы, чым спажываем", - заўважыла Марыя Клімава.
Так, мяса ў краіне атрымліваецца 139 кг на чалавека, а спажываецца 98 кг. Высокая самазабяспечанасць назіраецца па яйках і агародніне. Вытворчасць малочных прадуктаў амаль у чатыры разы перавышае іх спажыванне: на чалавека атрымліваецца 908 кг, а спажываецца 238 кг. Усе лішкі прадукцыі прадпрыемства харчовай прамысловасці рэспублікі экспартуюць без урону для ўнутранага рынку.
Дзелавая канферэнцыя "Прамысловы комплекс Рэспублікі Беларусь у Год якасці" праводзіцца ўпершыню. Арганізатары ставяць перад сабой задачу прадставіць вопыт і напрацоўкі айчынных прамысловых прадпрыемстваў ва ўдасканаленні якасці выпускаемай прадукцыі, актывізацыі інавацыйнай дзейнасці і выпуску высокатэхналагічнай прадукцыі. Мяркуецца, што канферэнцыя пасадзейнічае абмену вопытам і перадавымі практыкамі паміж спецыялістамі прадпрыемстваў і стварэнню ўмоў для з'яўлення новых кантактаў, пошуку партнёраў і наладжвання кааперацыйных сувязей. Форум праводзіцца пры садзейнічанні і актыўным удзеле міністэрстваў і канцэрнаў, якія рэгулююць дзейнасць прадпрыемстваў васьмі галін прамысловасці. Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць Мінскі гарадскі тэхнапарк і аргкамітэт рэспубліканскага конкурсу "Лідары прамысловасці Рэспублікі Беларусь-2024".