26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад разлічвае правесці тэхпераўзбраенне МТЗ з прыцягненнем замежнага фінансавання, паведаміў журналістам прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка па выніках наведвання завода, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Прадпрыемства павінна развівацца. Самае галоўнае цяпер - вызначыць максімальную канфігурацыю, колькі трэба ўкласці інвестыцый, і якую атрымаць ад гэтага аддачу", - адзначыў Раман Галоўчанка.
Паводле яго слоў, праведзена ўжо вялікая работа па падрыхтоўцы канцэпцыі тэхпераўзбраення прадпрыемства. "Асноўная задача - зверыць гадзіннікі, як выконваюцца даручэнні, дадзеныя кіраўніком дзяржавы ў час апошняга візіту на МТЗ. Даручэнне ў прынцыпе адно - прадукцыя павінна быць якаснай, а для гэтага трэба правесці комплекс мерапрыемстваў. Калі гаварыць маштабна, то гэта тэхнічнае пераўзбраенне", - растлумачыў прэм'ер-міністр.
"Стаіць задача - фактычна поўнасцю зрабіць новы завод. Складанасць і ў тым, каб зрабіць яго не на пустым месцы (гэта было б прасцей), трэба захаваць гэту пляцоўку, інтэграваць новыя ўчасткі ў існуючую структуру прадпрыемства", - удакладніў кіраўнік урада.
Мінскі трактарны завод вядзе перагаворы з сусветнымі лідарамі - пастаўшчыкамі абсталявання і тэхналогій, каб зрабіць гэта на выгадных для краіны ўмовах. "Купіць (абсталяванне і тэхналогіі. - Заўвага БЕЛТА) можна, але задача ў тым, каб зрабіць гэта найбольш эканамічна, прыцягнуць сюды фінансаванне ад гэтых вытворцаў. Усе сусветныя вытворцы хочуць удзельнічаць у тэндарах. Адна з умоў завода - яны павінны прыходзіць са сваімі грашыма. Каб гэта не клалася на бюджэт ніякім чынам", - дадаў Раман Галоўчанка.
У цэлым кіраўнік урада задаволены вынікамі работы МТЗ. "Кіраўніцтва прадпрыемства ведае, куды ісці, план дзеянняў зразумелы. Стратэгія развіцця зацверджана, трэба яе рэалізоўваць. Задача няпростая, але вырашальная", - лічыць ён.
Адносна работы МТЗ у цяперашніх умовах, прэм'ер-міністр звярнуў увагу, што пандэмія прывяла да спаду рынкаў і зніжэння продажаў у свеце, таму дзяржава падтрымлівае прадпрыемствы. "Але ў доўгатэрміновым плане гэта вельмі вялікія нагрузкі на бюджэт. Таму прадпрыемства пайшло па іншым шляху, у прынцыпе, заходнія пастаўшчыкі гатовы прадастаўляць рэсурсы на больш выгадных умовах, чым гэта могуць зрабіць беларускія банкі або з дапамогай дзяржінвестыцый. Таму, як я ўжо сказаў, без нагрузкі на бюджэт гэта вельмі выгадны варыянт, так званае гандлёвае фінансаванне", - растлумачыў Раман Галоўчанка.
Адказваючы на пытанне аб маркетынгавай стратэгіі МТЗ, кіраўнік урада растлумачыў, што важна не пакінуць свае традыцыйныя рынкі і нарошчваць продажы.
Сёння абмяркоўваліся і магчымыя варыянты забеспячэння работы прадпрыемства ва ўмовах другой хвалі каранавіруса. "На выпадак, калі будзе другая хваля пандэміі, рэзервовыя варыянты трэба абдумаць, абмеркаваць ва ўрадзе. Мы будзем рыхтавацца да розных варыянтаў развіцця падзей", - рэзюмаваў Раман Галоўчанка.
Кіраўнік урада мае намер удзяліць увагу самым знакавым прадпрыемствам - флагманам беларускай прамысловасці. Першым для наведвання быў выбраны МАЗ, цяпер Мінскі трактарны завод. "МТЗ для мяне не чужое прадпрыемства. Я хлопец з гэтага раёна, як кажуць, за 200 метраў адсюль жыў, вучыўся ў школе, - сказаў ён. - Самае галоўнае - гэтыя прадпрыемствы дадуць істотны рост, гэта апора машынабудавання".
ААТ "МТЗ" уваходзіць у дзясятку сусветных вытворцаў трактарнай тэхнікі. Амаль 90 працэнтаў трактароў рэалізуецца на экспарт. Больш за 15 тыс. чалавек працуюць у ААТ "МТЗ", яшчэ 7,5 тыс. чалавек - на прадпрыемствах холдынга.