19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падрыхтоўку праекта "Мадэрнізацыя сістэмы вышэйшай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь" абмеркавалі напярэдадні ў Мінску намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка і кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Алекс Крэмер, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт урада.
Праект накіраваны на ўдасканаленне ўмоў для навучання дзяцей і моладзі, мадэрнізацыі інфраструктуры ўстаноў адукацыі, укаранення ў адукацыйны працэс новых перадавых методык, інавацыйных тэхналогій.
Таксама разгледжаны ход рэалізацыі праекта па мадэрнізацыі ў Беларусі сістэмы адукацыі ў цэлым і пытанні сумесных дзеянняў па праектах у галіне аховы здароўя.
Было адзначана канструктыўнае ўзаемадзеянне ўрада і Сусветнага банка па выкананні сумесных праектаў у сацыяльнай сферы. Па выніках сустрэчы бакі выказалі зацікаўленасць у далейшым умацаванні і развіцці супрацоўніцтва.