12 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусі і Расіі неабходна развіваць прамкааперацыю для імпартазамяшчэння. Такое меркаванне выказаў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч у інтэрв'ю праграме "Тыдзень" на тэлеканале СТБ, паведамляе БЕЛТА.
"Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі - унікальная пляцоўка, эфект ад яго вельмі вялікі і сур'ёзны, а самае важнае - доўгатэрміновы. Гэта падзея не аднаго года - тыя пагадненні, якія былі падпісаны, працуюць на перспектыву. Кантракты ахопліваюць самыя розныя сферы. Многія з іх завязаны на прамкааперацыю, на зборачныя вытворчасці. Напрыклад, "АМКАДОР" у Карэліі, "Гомсельмаш" у Бранску. Акрамя таго, нафтахімія традыцыйна ўносіць значны ўклад у нашы гандлёва-эканамічныя адносіны. Шэраг пагадненняў падпісаны ў галіне навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, а таксама будаўніцтва. Дарэчы, беларускія паслугі ў галіне будаўніцтва карыстаюцца поспехам у Расіі", - сказаў Уладзімір Улаховіч.
Паводле яго слоў, адна з тэм, якая гучала ў час VIII Форуму рэгіёнаў, - гэта ўмацаванне прамысловай кааперацыі. "Неабходна прамкааперацыя ў пытаннях імпартазамяшчэння. У прыватнасці, у нас ёсць вялікі зачын па электратранспарце. Літаральна гэтымі днямі дырэктар "Белкамунмаша" правёў у Сочы прэзентацыю электробуса Vitovt больш новай генерацыі. Таксама ў нас ёсць гібрыдны аўтобус трэцяга пакалення МАЗ 303. Сёння яго тэсціруюць у многіх гарадах Расіі. Таму ў гэтай сферы нашы краіны могуць дапаўняць адна адну", - падкрэсліў ён.
Гаворачы аб супрацоўніцтве ва ўмовах санкцый з еўрапейскімі кампаніямі, старшыня БелГПП адзначыў: "Узаемадзейнічаючы з партнёрамі з розных краін, мы бачым вялікае шкадаванне, якое яны зведваюць з-за гэтых палітычных рашэнняў. Паколькі ў такой сітуацыі церпіць бізнес з абодвух бакоў. Вядома, нам трэба вучыцца працаваць у новых умовах - гэта выклік, а таксама выходзіць на рынкі трэціх краін".
Уладзімір Улаховіч звярнуў увагу на тое, што будучыню сусветнай эканомікі ўсе звязваюць з развіццём афрыканскага кантынента. "Гэта кладоўка мінеральных рэсурсаў, багатая зямля. У гэтым рэгіёне добра ведаюць нашу прадукцыю, асабліва машынабудавання. У нас ёсць вопыт супрацоўніцтва: зборачныя вытворчасці на поўначы Афрыкі", - дадаў ён.
Акрамя таго, для Беларусі ўяўляюць вялікі інтарэс і краіны Азіі, у прыватнасці КНР, Індыя, В'етнам, Пакістан. "Вядома, пандэмія ўсіх стрымлівае, аднак патэнцыял у гэтых рэгіёнах вялікі", - канстатаваў кіраўнік Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.
На сёння БелГПП рэалізуе шмат розных праектаў. Напрыклад, "Экспарт анлайн". Асноўная яго задача ў садзейнічанні выхаду айчынных вытворцаў на замежныя (міжнародныя) электронныя платформы - ключавыя кропкі росту экспартнага гандлю ў сучасных умовах. "Радуе, што нашы прадпрыемствы пачалі рэгістравацца на гэтым рэсурсе. Гэта карыснае дапаўненне, якое неабходна выкарыстоўваць. Паколькі электронныя гандлёвыя пляцоўкі даюць магчымасць якраз пазбавіцца ад тых абмежаванняў, якія, на жаль, ёсць у цяперашніх умовах", - рэзюмаваў Уладзімір Улаховіч.