17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спіс рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон за студзень-верасень папоўніўся 22 новымі прадпрыемствамі з сумарным аб'ёмам заяўленых інвестыцый больш як $140 млн і планамі па стварэнні 1,2 тыс. новых рабочых месцаў. Аб гэтым расказала начальнік упраўлення інфраструктуры развіцця Міністэрства эканомікі Вольга Бондар, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ведамства.
Новыя праекты рэалізуюцца ў лагістыцы, машынабудаванні, харчовай і хімічнай прамысловасці, вытворчасці мэблі і электраабсталявання, металаапрацоўцы.
Работа рэзідэнтаў СЭЗ значна ўплывае на сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёнаў. На долю рэзідэнтаў СЭЗ (пры 5,3 працэнта ад сярэдняспісачнай колькасці занятых па краіне) прыпадае пятая частка экспарту тавараў, прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове і вытворчасці прамысловай прадукцыі.
"Па выніках работы за 9 месяцаў забяспечаны рост сярэднямесячнай зарплаты работнікаў прадпрыемстваў - рэзідэнтаў СЭЗ на 20 працэнтаў, аб'ёмаў выручкі ад рэалізацыі прадукцыі - на 11,6 працэнта і вытворчасці прамысловай прадукцыі - на 7,5 працэнта. Сумарны аб'ём чыстага прыбытку па СЭЗ склаў Br1,6 млрд", - рэзюмавала начальнік упраўлення.