24 чэрвеня, Нясвіж /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Важную ролю ў беларуска-германскіх гандлёва-эканамічных адносінах адыгрывае крэдытна-інвестыцыйнае супрацоўніцтва. На гэтым акцэнтаваў увагу старшыня праўлення беларускай грамадскай арганізацыі "Пародненыя гарады", член Савета Рэспублікі Барыс Батура, выступаючы 24 чэрвеня ў Нясвіжы на дзявятай сустрэчы гарадоў-пабрацімаў Беларусі і Германіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Традыцыйна Германія ўваходзіць у лік асноўных крэдытораў Беларусі, - адзначыў ён. - Германскія прадпрыемствы займаюць значнае месца на рынку прамых інвестыцый у Рэспубліцы Беларусь. У краіне зарэгістравана больш за 360 прадпрыемстваў з удзелам германскага капіталу. У іх статутныя фонды з моманту рэгістрацыі ўнесена $360,8 млн".
Акрамя таго, у Беларусі функцыянуюць 90 прадстаўніцтваў германскіх фірм. Найбольш шырока нямецкі капітал прадстаўлены ў прамысловай сферы, транспарце, сельскай гаспадарцы, гандлі і харчовай прамысловасці.
Як адзначыў Барыс Батура, у 2015 годзе з Германіі ў Беларусь паступілі інвестыцыі ў аб'ёме $98,0 млн, у тым ліку прамыя - $75,9 млн.
Беларускія суб'екты гаспадарання таксама імкнуцца замацавацца на германскім рынку. У 2015 годзе аб'ём беларускіх інвестыцыйных укладанняў у эканоміку ФРГ склаў $39,3 млн, з іх $11,3 млн - прамыя інвестыцыі.
Член Савета Рэспублікі выказаў надзею, што пабрацімства і ў будучым будзе з'яўляцца стымулюючым складнікам двухбаковых адносін паміж Беларуссю і Германіяй.
Барыс Батура падкрэсліў, што найбольш плённа гарады-пабрацімы выкарыстоўваюць у сваім узаемадзеянні сацыяльную сферу, культуру і спорт. Станоўчымі прыкладамі 'зяўляецца супрацоўніцтва па лініі Брэст - Равенсбург і Вайнгартэн, Маладзечна - Эслінген.
Асобныя партнёрскія пары абмяжоўваюцца толькі гуманітарнымі праграмамі. Да іх ліку адносяцца Гродна - Міндэн, Светлагорск - Хельмштэт, Лунінец - Шэнефельд, Рэчыца - Букстэхудэ.
Пры гэтым Барыс Батура выказаў меркаванне, што неабходна шукаць новыя шляхі пашырэння пабрацімскага супрацоўніцтва.
"Гарадам-пабрацімам па сілах узаемавыгадныя праекты па вырашэнні многіх агульных праблем. Напрыклад, навакольнага асяроддзя, рэсурсазберажэння, абмену ноу-хау, у галіне тэхналогій і камунікацый", - адзначыў кіраўнік "Пародненых гарадоў".
Цяпер Беларусь і Германія маюць 19 пабрацімскіх пар.