22 ліпеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. У пекінскіх гандлёвых сетках сталі прадаваць беларускае марожанае, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў КНР.
"З ліпеня ў рознічных сетках Пекіна пачаўся продаж беларускага марожанага вытворчасці кампаніі "Марозпрадукт". Першая партыя прадукцыі прыбыла ў КНР 2 ліпеня і паспяхова ўжо рэалізуецца ў кітайскай сталіцы", - адзначылі ў дыпламатычнай місіі.
З'яўленне беларускага марожанага ў пекінскіх гандлёвых сетках - вынік сумеснай працы пасольства з кітайскімі імпарцёрамі, у прыватнасці кампаніяй "Юлаўе", па пашырэнні асартыменту беларускага экспарту, уключаючы прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю, у Кітай.
Дарэчы, роўна год таму ў беларускім пасольстве ў Кітаі было арганізавана свята беларускага марожанага. Для прадстаўнікоў гандлёвых сетак Пекіна адбылася прэзентацыя беларускага марожанага, у час якой з дзевяццю кітайскімі гандлёвымі кампаніямі былі падпісаны мемарандумы аб пастаўках гэтага прадукту з Беларусі для яго рэалізацыі ў сталіцы Кітая.