Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

20 Врс 2018

У дызайн беларускіх банкнотаў будуць унесены змяненні

У дызайн беларускіх банкнотаў будуць унесены змяненні

20 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У дызайн беларускіх банкнотаў будуць унесены змяненні. Якія навацыі прадугледжаны і чым яны выкліканы, растлумачылі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка.

Праўленне Нацыянальнага банка прыняло рашэнне аб мадыфікацыі банкнотаў, што знаходзяцца ў абарачэнні, пры гэтым асноўныя выявы на правым і адваротным баках, а таксама іх колеравая гама і памер будуць захаваны.

Асобныя наміналы мадыфікаваных банкнотаў закажуць і ўвядуць у абарачэнне ў 2019-2020 гадах. Як растлумачылі ў Нацбанку, гэта робіцца "ў рамках работы па падтрыманні правільнай намінальнай будовы наяўных грошай у абарачэнні і забеспячэнні эканомікі дастатковай колькасцю банкнотаў і манет розных наміналаў".

У Нацбанку таксама расказалі, якія менавіта змяненні ўнясуць у мадыфікаваныя банкноты. Так, выявы архітэктурных збудаванняў на правым баку мадыфікаваных банкнотаў будуць прыведзены ў адпаведнасць з актуальным знешнім выглядам з пазначэннем назвы адлюстраваных збудаванняў. На мадыфікаваных банкнотах будуць выключаны рэквізіт "Старшыня Праўлення" і факсіміле подпісу старшыні праўлення Нацыянальнага банка Пракаповіча П.П.

У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі на банкноце наміналам Br50 надпіс "ПЯЦЬДЗЕСЯТ" будзе выпраўлена на "ПЯЦЬДЗЯСЯТ".

Акрамя таго, на банкнотах будзе пазначаны год плануемага выпуску ў абарачэнне: замест "2009" для банкнотаў наміналамі Br5 і Br10 - "2019", для банкнотаў наміналамі Br20 і Br50 - "2020".

У сувязі з тым, што на банкнотах будзе пазначацца год іх фактычнага выпуску, спатрэбілася ўнясенне змяненняў ва ўказ Прэзідэнта ад 4 лістапада 2015 года нумар 450 "Аб правядзенні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь". 19 верасня 2018 года кіраўнік дзяржавы падпісаў указ нумар 380, якім уносяцца змяненні ва ўказ нумар 450. У адпаведнасці са змяненнямі абмен грашовых знакаў узору 2000 года можна будзе праводзіць не толькі на грашовыя знакі ўзору 2009 года, але і іншых гадоў выпуску. Неабходнасць гэтага рашэння абумоўлена тым, што выпуск асобных наміналаў мадыфікаваных банкнотаў плануецца ўжо ў 2019-2020 гадах, у той час як абмен банкнотаў узору 2000 года на грашовыя знакі 2009 года заканчваецца 31 снежня 2021 года.

У час мадыфікацыі банкнотаў Нацбанк правёў работу па аптымізацыі іх абароннага комплексу. Былі максімальна выкарыстаны ўсе існуючыя сёння сродкі для таго, каб грамадзяне маглі даволі проста, без выкарыстання спецыяльнага абсталявання, адрозніць сапраўдныя банкноты ад падробленых і тым самым засцерагчы сябе ад іх выпадковага прыёму.

Цяпер Нацыянальны банк пачаў падрыхтоўчыя мерапрыемствы па выбары прадпрыемства-вытворцы і выпуску ў абарачэнне мадыфікаваных банкнотаў. Перад выпускам у абарачэнне банкнотаў новых гадоў выпуску Нацыянальны банк прадаставіць падрабязную інфармацыю аб іх знешнім выглядзе і прыкметах сапраўднасці.

Раней уведзеныя ў абарачэнне банкноты ўзору 2009 года будуць заставацца законным плацежным сродкам.

У Нацбанку нагадалі, што цяпер на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца ў абарачэнні 7 наміналаў банкнотаў - Br5, Br10, Br20, Br50, Br100, Br200, Br500 і 8 наміналаў манет - 1, 2, 5, 10, 20 і 50 капеек, а таксама Br1 і Br2.

Патрэбнасць у заказе грашовай наяўнасці звязана перш за ўсё з невялікімі тэрмінамі службы банкнотаў дробных наміналаў, заканамерным павелічэннем колькасці старых банкнотаў і, адпаведна, неабходнасцю іх замены. З кастрычніка 2017 года паступленне старых банкнотаў наміналамі Br5 і Br10 ўзрасло ў 3 і 2 разы адпаведна. Са снежня 2017 года больш як у 2 разы павялічылася паступленне старых банкнотаў наміналам Br20. Што датычыцца манет, то манеты дробных наміналаў, перш за ўсё 1 і 2 капейкі, з'яўляюцца самымі запатрабаванымі і не вяртаюцца ў касы Нацыянальнага банка. Пры гэтым іх выдача з кас Нацыянальнага банка пастаянна расце.

Улічваючы, што сярэдні тэрмін службы дробных і сярэдніх наміналаў банкнотаў складае ад аднаго года да трох гадоў, Нацыянальны банк пастаянна заказвае банкноты і манеты, якіх нестае, што з'яўляецца звычайнай практыкай цэнтральных (нацыянальных) банкаў па выкананні функцыі забеспячэння эканомікі наяўнымі грашамі.

У сусветнай практыцы дробныя банкноты ў большай ступені выкарыстоўваюцца як разменныя, маюць непрацяглыя тэрміны службы і таму патрабуюць пастаяннай замены. Напрыклад, сярэдні тэрмін службы банкнота наміналам 5 еўра складае 13 месяцаў, банкнота наміналам $1 - 22 месяцы, банкнота наміналам 50 расійскіх рублёў - 8,3 месяца.

Пры гэтым у Нацбанку адзначылі, што дадатковы выраб наяўных грошай не азначае павелічэнне грашовай масы, паколькі іх выпуск у абарачэнне прыводзіць да пераходу грашовых сродкаў з безнаяўнай формы ў наяўную: банкі за атрыманыя грашовыя знакі пералічваюць Нацыянальнаму банку іх безнаяўны эквівалент.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі