7 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі плануецца ўвесці новыя льготы і прэферэнцыі для інвестараў. Гэта прадугледжана законапраектам "Аб змяненні закона Рэспублікі Беларусь "Аб інвестыцыях", які прыняты сёння дэпутатамі ў першым чытанні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Законапраектам замацоўваецца комплекс мер, накіраваных на пашырэнне інвестыцыйнай актыўнасці суб'ектаў гаспадарання шляхам павелічэння варыятыўнасці дзяржаўных інструментаў падтрымкі інвестыцыйнай дзейнасці, у тым ліку ўвядзення дадатковых гарантый і прэферэнцый, зніжэння рызык для добрасумленных інвестараў, спрашчэння ўмоў работы з інвестарамі, якія жадаюць рэалізаваць інвестыцыйныя праекты ў рэгіёнах.
Як растлумачылі ў Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы, законапраект распрацаваны ў мэтах павышэння інвестыцыйнай прывабнасці краіны. Ім прадугледжана магчымасць рэалізацыі прэферэнцыйных інвестыцыйных праектаў у адпаведнасці з прыярытэтамі рэгіёнаў з прадастаўленнем стандартнага пакета льгот і прэферэнцый (паводле рашэння мясцовых органаў улады), такіх як вызваленне ад увазных мытных пошлін, падатку на прыбытак, арэнднай платы, платы за прадастаўленне ў арэнду зямельнага ўчастка. Аблвыканкамы надзяляюцца правам вызначаць прыярытэтныя віды дзейнасці (сектары эканомікі), развіццё якіх найбольш важна для канкрэтнага раёна і па якіх магчыма рэалізацыя разглядаемых праектаў без заключэння інвестыцыйных дагавораў.
Таксама законапраектам прадугледжана заключэнне спецыяльных інвестыцыйных дагавораў па вытворчасці высокатэхналагічнай імпартазамяшчальнай і экспартна арыентаванай прадукцыі з дзяржаўнай гарантыяй закупкі такой прадукцыі ў пэўным аб'ёме і па пэўнай цане. Вывучаўся расійскі вопыт спецінвесткантрактаў, механізм распрацаваны па аналогіі.
Акрамя таго, прадугледжваецца рэалізацыя буйнамаштабных інвестыцыйных дагавораў, вельмі важных для краіны, з прадастаўленнем дадатковага пакета льгот і прэферэнцый. У іх ліку гарантыя ад неспрыяльнага змянення падатковага заканадаўства ў перыяд дзеяння інвестдагавора (але не больш як 5 гадоў з рэгістрацыі дагавора), а таксама вызваленне ад падатку на прыбытак ад рэалізацыі тавараў уласнай вытворчасці, вырабленых на створаных аб'ектах нерухомай маёмасці, на працягу 5 каляндарных гадоў пасля спынення інвестыцыйнага дагавора. Таксама прадугледжана магчымасць кампенсацыі інвестару затрат (часткі затрат), звязаных са стварэннем аб'ектаў інфраструктуры і іх добраўпарадкаваннем у межах асобных рэгіёнаў, вызначаных урадам.
Разам з тым у законапраекце прадугледжаны меры, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў і ўпарадкаванне падыходаў да аказання дзяржаўнай фінансавай падтрымкі пры рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. На сістэмнай аснове прапануецца ўкараніць механізм бюджэтных трансфертаў для кампенсацыі часткі затрат па выніках рэалізацыі інвестпраекта. Замацоўваюцца нормы, якія датычацца ўмоў аказання дзяржаўнай фінансавай падтрымкі ў выглядзе прадастаўлення бюджэтных пазык.
У законапраекце таксама захоўваецца права Прэзідэнта ўстанаўліваць дадатковыя льготы і іншыя меры падтрымкі для рэалізацыі інвестпраектаў.