26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі патрэбны дакладныя і зразумелыя паказчыкі эфектыўнасці будаўнічай галіны. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, на якім абмяркоўвалася стратэгія развіцця будаўнічай галіны на 2018-2030 гады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Важнейшым стратэгічным напрамкам развіцця будаўнічага комплексу з'яўляецца нарошчванне экспарту будаўнічых паслуг і яго далейшая дыверсіфікацыя, але без росту прадукцыйнасці працы, мадэрнізацыі вытворчасці, зніжэння затрат і пераходу на выкарыстанне лічбавых тэхналогій мы не зможам канкурыраваць на знешніх рынках, павышаць узровень і якасць жыцця насельніцтва. Патрэбны дакладныя і зразумелыя, а галоўнае, абгрунтаваныя паказчыкі эфектыўнасці будаўнічай галіны", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.
Андрэй Кабякоў адзначыў, што ўмовы работы як на знешніх, так і на ўнутраных рынках дынамічна змяняюцца, што, безумоўна, уплывае на сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны ў цэлым і будаўнічага комплексу ў прыватнасці. "Мы павінны адэкватна і своечасова рэагаваць на гэтыя змяненні", - сказаў ён.
У снежні 2017 года ўрадам было прынята рашэнне аб фарміраванні міжведамаснай рабочай групы для распрацоўкі стратэгіі развіцця будаўнічай галіны Беларусі на 2018-2030 гады.
Кіраўнік урада паведаміў, што за апошнія гады ў краіне істотна нарасцілі вытворчыя магутнасці як падрадных арганізацый, так і прадпрыемстваў, якія вырабляюць будматэрыялы. "Істотна павялічылі кадравы патэнцыял галіны. Сёння гэты патэнцыял выкарыстоўваецца недастаткова эфектыўна. Разам з тым створаныя ў Беларусі ўмовы даюць магчымасць выкарыстоўваць новыя механізмы развіцця і пазбегнуць залежнасці ад бюджэтнага фінансавання. Прынятыя ўрадам і Нацыянальным банкам меры па стрымліванні інфляцыі пашырылі доступ да рэсурсаў камерцыйных банкаў на даволі камфортных умовах. Трэба запускаць працэс уключэння гэтых рэсурсаў у будоўлю, у тым ліку на аб'екты сацыяльнай, інжынернай і транспартнай інфраструктуры", - заявіў Андрэй Кабякоў.