29 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў наладзіць у краіне вытворчасць лыжаролераў, лыжных чаравікаў і ратракаў (гусенічны транспарт для падрыхтоўкі лыжных трас). Аб гэтым кіраўнік дзяржавы расказаў сёння ў час размовы з алімпійскімі і паралімпійскімі чэмпіёнамі Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я даручыў зрабіць свае лыжаролеры старшыні Наглядальнага савета (Беларускай федэрацыі біятлона. - Заўвага БЕЛТА) Вакульчыку. Ён цяпер гэтым займаецца", - паведаміў Аляксандр Лукашэнка.
Вытворчасцю лыжных чаравікаў для спартсменаў-пачынальнікаў павінна заняцца кампанія "Марко", а канструктары Мінскага трактарнага завода ўжо распрацоўваюць ратракі.
"Трэба, каб зрабілі ўсё. Калі не могуць адразу зрабіць, закупім. Але неабходна зрабіць гэта ўсё ў сябе", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў краіне сур'ёзна ўзяліся за падрыхтоўку лыжнікаў і біятланістаў. Плануецца на працягу лета паставіць у спецыялізаваныя трэніровачныя цэнтры снегавыя пушкі, ратракі і неабходны інвентар. Гэтыя пытанні кантралюе кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава.
Створаць неабходныя ўмовы для трэніровак і ў рэгіёнах. Прадумаюць таксама арганізацыю там лыжаролерных трас.
Акрамя таго, плануецца наладзіць на "Целяханах" выпуск больш сучасных і якасных лыж. Прэзідэнт адзначыў, што, магчыма, і сам наведае завод, каб больш падрабязна азнаёміцца з яго прадукцыяй і асаблівасцямі вытворчасці.