27 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч абмяркоўвае з кітайскімі кампаніямі пастаўкі і сумесную вытворчасць лекавых сродкаў, а таксама закупкі абсталявання для ўстаноў аховы здароўя. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
Перагаворы па шырокім спектры супрацоўніцтва ў сферы аховы здароўя і фармацэўтыкі праходзяць у Кітаі 27 лютага. Дзмітрый Піневіч знаходзіцца на прадпрыемстве карпарацыі "Сінафарм", дзе абмяркоўваюцца прапановы па пастаўках, сумеснай вытворчасці і лакалізацыі розных лекавых сродкаў, а таксама закупках абсталявання для ўстаноў аховы здароўя і лабараторый.
"Пасля ўспышкі каранавіруснай інфекцыі ў Кітаі па распараджэнні Прэзідэнта Беларусі наша краіна першая ў свеце накіравала туды самалёт з гуманітарнай дапамогай, пазней быў накіраваны другі. Вялікі аб'ём дапамогі паступіў і ад Кітая ў Беларусь. З красавіка 2020 года да гэтага часу КНР аказала нашай краіне бязвыплатную дапамогу на $30 млн. Кітайскі бок паставіў сродкі індывідуальнай аховы, лячэбнае і дыягнастычнае абсталяванне", - адзначылі ў прэс-службе.
Асаблівую ролю ў прадухіленні распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі адыгралі пастаўкі вакцыны. Бязвыплатна было перададзена 4,9 млн доз вакцыны супраць COVID-19, яшчэ 4,6 млн было закуплена. Своечасовым і вельмі важным стаў для беларускіх урачоў кітайскі вопыт у галіне дыягностыкі і лячэння каранавіруснай інфекцыі, якім дзяліліся спецыялісты КНР на відэаканферэнцыях.
"Кітайскім кампаніям China Sinopharm International Corporation і China National Biotec Group Company Limited, якія ўваходзяць у склад карпарацыі "Сінафарм", прапанавалі абмеркаваць праекты па лакалізацыі на тэрыторыі Беларусі вытворчасці лекавых прэпаратаў з партфеля карпарацыі "Сінафарм". У тым ліку абмяркоўваецца прапанова па стварэнні сумеснага прадпрыемства", - адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя.
У сустрэчы з Дзмітрыем Піневічам таксама ўдзельнічае кіраўніцтва Кітайскай гандлёвай палаты па імпарце і экспарце лекавых сродкаў і тавараў медпрызначэння. Дзякуючы падпісанаму мемарандуму аб узаемаразуменні, супрацоўніцтва ажыццяўляецца ў тым ліку ў сферы пашырэння кітайскага медабсталявання на беларускім рынку і аказання садзейнічання ў кантролі добранадзейнасці пастаўшчыкоў кітайскіх медыцынскіх вырабаў у Беларусь.