21 лістапада, Астравецкі раён /Кар. БЕЛТА/. Тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне будаўніцтва трэцяга энергаблока або другой АЭС у Беларусі падрыхтуюць у 2025 годзе. Аб гэтым заявіў журналістам намеснік міністра энергетыкі Дзяніс Мароз, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Пытанне развіцця атамнай энергетыкі ў Беларусі цяпер на парадку дня. На гэту тэму пастаянна гаворыць кіраўнік дзяржавы. Гэта пытанне патрабуе сістэмнага аналізу і прыняцця канчатковага рашэння. У Міністэрства энергетыкі ёсць задача ад урада па распрацоўцы тэхніка-эканамічнага абгрунтавання. Мы цяпер вывучаем перспектывы. Бачым трэнды даволі бурнага росту спажывання электрычнай энергіі. Калі мы сумесна з вучонымі прыйдзем да разумення, што гэтыя трэнды ўстойлівыя, тады, вядома, тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне нам пакажа, наколькі эфектыўным можа быць ці будаўніцтва новага энергаблока атамнай станцыі на існуючай пляцоўцы, ці стварэнне яшчэ адной станцыі на новай пляцоўцы", - сказаў Дзяніс Мароз.
Паводле яго слоў, цяпер гэта работа вядзецца. "У адпаведнасці з даручэннямі ў 2025 годзе павінна быць падрыхтавана тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне, і мы чакаем, што ў гэты перыяд будзе прымацца канчатковае рашэнне", - сказаў на заканчэнне намеснік міністра.
Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт пабудавана па расійскім праекце "АЭС-2006", які адносіцца да эвалюцыйных праектаў АЭС з вода-вадзянымі рэактарамі (ВВЭР) трэцяга пакалення павышанай бяспекі. Яны маюць палепшаныя тэхніка-эканамічныя паказчыкі. Галоўная іх асаблівасць - унікальнае спалучэнне актыўных і пасіўных сістэм бяспекі. Будынак рэактара мае двайную ахоўную абалонку. Рэактар не пацерпіць у выпадку землетрасення, урагану, паводкі, узрыву і нават падзення самалёта.
Першы блок Беларускай атамнай станцыі ўведзены ў прамысловую эксплуатацыю ў чэрвені 2021 года, другі - у лістападзе 2023-га. Штогод БелАЭС будзе генерыраваць каля 18 млрд кВт.гадз і забяспечыць больш за 40 працэнтаў унутраных патрэбнасцей краіны ў электраэнергіі. Атамная станцыя - гэта не толькі гарант энергетычнай бяспекі Беларусі, але і важкі ўклад у агульную справу па змякчэнні наступстваў змянення клімату. За кошт уводу БелАЭС выкіды парніковых газаў будуць скарачацца прыкладна на 7 млн т у год.