15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. IV Тыдзень беларускага прадпрымальніцтва пройдзе ў Мінску з 18 па 24 сакавіка, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала.
Форум праводзіцца Рэспубліканскай канфедэрацыяй прадпрымальніцтва сумесна з Міністэрствам эканомікі, Дэпартаментам па прадпрымальніцтве Мінэканомікі, Беларускім фондам фінансавай падтрымкі прадпрымальніцтва і рэгіянальнымі бізнес-асацыяцыямі.
У праграме тыдня - круглыя сталы і панэльныя дыскусіі на актуальныя тэмы, якія хвалююць бізнес-супольнасць, навучальныя семінары і канферэнцыі, профільныя пасяджэнні, выступленні топ-менеджараў і бізнес-лідараў краіны. Удзельнікі разгледзяць актуальныя пытанні і прыярытэтныя напрамкі развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці ў Беларусі.
Будуць абмяркоўвацца пытанні даступнасці фінансавых інструментаў для развіцця бізнесу, знешнеэканамічнай дзейнасці суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, роля малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў развіцці рэгіёна, пытанні, звязаныя з нарматыўна-прававым рэгуляваннем дзейнасці суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, партнёрства бізнесу і некамерцыйных арганізацый, а таксама магчымасці развіцця бізнесу ў сістэме стартапаў.
Ключавой падзеяй Тыдня беларускага прадпрымальніцтва ў гэтым годзе стане рэспубліканскі дзелавы форум "Развіццё прадпрымальніцтва Беларусі: стратэгія і тактыка", які пройдзе 20 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы. Плануецца, што на форуме будуць прадстаўлены вынікі апытання Індэкса дзелавога аптымізму (ІДА) - аналітычнага даследавання, якое паказвае, як уладальнікі бізнесу ацэньваюць створаныя ў краіне ўмовы для развіцця прадпрымальніцтва, і праект Нацыянальнай платформы бізнесу Беларусі - дакумент, які змяшчае прапановы па паляпшэнні дзелавога клімату ў краіне, што выпрацоўвае ўся бізнес-супольнасць Беларусі.