3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Туркменістан гатовы пастаўляць у Беларусь фітачай з мясцовых лекавых раслін. Аб гэтым ішла размова сёння на сустрэчы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Туркменістане Алега Табанюхава з міністрам аховы здароўя і медыцынскай прамысловасці Туркменістана Нурмухамедам Аманнепесавым, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Бакі абмеркавалі розныя напрамкі беларуска-туркменскага супрацоўніцтва ў галіне медыцыны і аховы здароўя. Пры гэтым адзначана, што асаблівую значнасць для двухбаковых адносін у гэтай сферы мае практычная падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі туркменскіх спецыялістаў у вядучых медыцынскіх цэнтрах Беларусі.
У час сустрэчы туркменскі бок выказаў зацікаўленасць у паглыбленні ўзаемадзеяння ў галіне спартыўнай медыцыны, кардыяхірургіі, траўматалогіі, дзіцячай хірургіі і іншых напрамках медыцыны, а таксама ў закупцы беларускіх лекавых прэпаратаў. У сваю чаргу Туркменістан готовы пастаўляць у Беларусь перавязачныя матэрыялы.
Субяседнікі адзначылі, што пацвярджэннем высокага ўзроўню беларуска-туркменскага ўзаемадзеяння з'яўляюцца вынікі супрацоўніцтва ў 2015 годзе. Так, у беларускіх медыцынскіх установах прайшлі лячэнне больш за 100 грамадзян Туркменістана, у 1,8 раза ўзраслі пастаўкі беларускіх лякарстваў, штогод павялічваецца колькасць туркменскіх студэнтаў беларускіх медыцынскіх ВНУ, а таксама спецыялістаў, якія прайшлі стажыроўку ў Беларусі.
Удзельнікі сустрэчы пацвердзілі зацікаўленасць у далейшым пашырэнні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў сферы аховы здароўя.