24 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Турэцкія інвестары плануюць развіваць бізнес у Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе СЭЗ "Мінск".
Магчымыя напрамкі супрацоўніцтва і перспектыўныя бізнес-праекты ў ходзе відэаканферэнцыі абмеркавалі кіраўнік адміністрацыі СЭЗ "Мінск" Анатоль Бубен і прэзідэнт асацыяцыі незалежных прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў MUSIAD Беларусь Мікаіл Чалышкан.
"Мы хочам не проста адкрыць новую вытворчасць у Мінску, але і сваім прыкладам паказаць іншым турэцкім прадпрымальнікам, што ў Беларусі ёсць усе ўмовы для паспяховага вядзення бізнесу", - адзначыў у ходзе сустрэчы Мікаіл Чалышкан.
Асацыяцыя MUSIAD налічвае 165 прадстаўніцтваў. У арганізацыю ўваходзяць больш за 60 тыс. турэцкіх кампаній, якія імкнуцца да асваення новых рынкаў і супрацоўніцтва ў галіне гандлю, прамысловасці, фінансаў і інвестыцый.
"Наша галоўная задача - стварыць максімальна камфортныя ўмовы для інвестара, - падкрэсліў Анатоль Бубен. - СЭЗ "Мінск" - адзін з найбольш выгадных рэжымаў для арганізацыі бізнесу ў Беларусі, які дае кампаніям права на падатковыя, мытныя льготы і прэферэнцыі пры будаўніцтве, а таксама магчымасць выкарыстоўваць перавагі цэнтральнага рэгіёна краіны з высокаразвітым прамысловым патэнцыялам".
Як паведамлялася раней, у рамках міжнароднай выстаўкі MUSIAD EXPO на беларуска-турэцкім інвестыцыйным форуме, які прайшоў у Стамбуле 5 лістапада мінулага года, адміністрацыя СЭЗ "Мінск" і асацыяцыя MUSIAD падпісалі мемарандум. Дакумент накіраваны на пашырэнне і развіццё двухбаковага гандлёвага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.