29 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі ў Расіі і па сумяшчальніцтве ў Беларусі Мзувукіле Джэфам Макетукам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сустрэча ініцыявана з мэтай знаёмства і абмеркавання актывізацыі міжрэгіянальнага супрацоўніцтва паміж краінамі.
"Прыбыў у Беларусь, каб прадставіць свае паўнамоцтвы Аляксандру Лукашэнку і наладзіць сувязь з рознымі ведамствамі. У прыватнасці, сустрэўся з кіраўніком Мінскай вобласці. Як вынік размовы, вырашылі супрацоўнічаць па двух напрамках: сельская гаспадарка і вытворчасць тэхнікі", - расказаў Мзувукіле Джэф Макетука.
Паводле яго слоў, палітычная і культурная сувязь паміж дзвюма дзяржавамі даволі трывалая, ёсць узаемаразуменне. Супрацоўніцтва будзе наладжана і з іншымі рэгіёнамі краіны. "На гэты момант з нашага боку асабліва актыўна ўзаемадзейнічаюць правінцыі Мпумаланга і Фры-Стэйт", - падкрэсліў пасол.
Старшыня Мінаблвыканкама адзначыў, што на гэты момант сталічны рэгіён ажыццяўляе пастаўкі кар'ернай тэхнікі БЕЛАЗ і калійных угнаенняў у ПАР, аднак ёсць перспектывы нарошчвання ўзаемадзеяння і ў іншых напрамках. "Абазначылі некалькі канкрэтных крокаў, хутка абмяняемся запрашэннямі з ПАР для больш канкрэтнай размовы, паколькі сёння яна мела хутчэй азнаямленчы характар", - расказаў Аляксандр Турчын.
У бліжэйшы час будзе падрыхтаваны матэрыял аб патэнцыяле Мінскай вобласці і прадстаўлены Супольнасці развіцця Поўдня Афрыкі (САДК), каб больш цесна наладзіць супрацоўніцтва па розных напрамках паміж паўднёваафрыканскімі і беларускім сталічным рэгіёнамі.
Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай устаноўлены 4 сакавіка 1993 года.
У 2020 годзе тавараабарот паміж краінамі склаў $25,7 млн. Асноўныя артыкулы экспарту: калійныя ўгнаенні, кар'ерныя самазвалы, часткі і прылады для тэхнікі, вырабы з чорных металаў, а імпарту - фрукты, віно, арэхі.
У 2020 годзе пасля шасцігадовага перапынку адноўлены пастаўкі ў ПАР кар'ернай тэхнікі БЕЛАЗ. Цяпер парк машын БЕЛАЗ у ПАР налічвае 49 самазвалаў. У краіне функцыянуе сэрвіс-цэнтр ААТ "БЕЛАЗ".