4 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тры беларускія банкі ў 2015 годзе вывелі на рынак біяметрычныя тэхналогіі. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік галоўнага ўпраўлення развіцця лічбавых банкаўскіх тэхналогій Нацыянальнага банка Беларусі Аляксандр Сотнікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У гэтым годзе тры банкі вывелі на рынак у той або іншай ступені біяметрычныя тэхналогіі", - сказаў кіраўнік упраўлення. Размова ідзе пра Белгазпрамбанк, Белінвестбанк і Пріорбанк.
Адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА аб перспектывах развіцця такіх тэхналогій у Беларусі, Аляксандр Сотнікаў адзначыў: "Асноўнай праблемай развіцця біяметрыі ў прынцыпе з'яўляецца адсутнасць нейкіх стандартаў. Я думаю, што ў будучым у ліку задач будзе распрацоўка ўнутрыкраінавых біяметрычных стандартаў". Ён выказаў меркаванне, што ў стратэгіі развіцця лічбавага банкінгу пазіцыя, звязаная са стандартызацыяй біяметрычных тэхналогій, знойдзе сваё адлюстраванне.
Намеснік старшыні праўлення ААТ "Белгазпрамбанк" Алена Антані звярнула ўвагу, што ў свеце цяпер ёсць шмат спосабаў біяметрычнай ідэнтыфікацыі асобы, у тым ліку па голасе, адпячатках пальцаў. "Зразумела, гэта больш надзейна. Звесткі можна атрымаць, тэлефон з кодам можна ўкрасці, а з біяметрыяй усё складаней", - выказала сваю думку намеснік старшыні праўлення банка.
Прэзідэнт падпісаў указ нумар 478 "Аб развіцці лічбавых банкаўскіх тэхналогій" 1 снежня 2015 года. Нормы дакумента накіраваны на развіццё лічбавых банкаўскіх тэхналогій, спрашчэнне працэдур банкаўскага абслугоўвання, зніжэнне кошту банкаўскіх паслуг і абарону правоў спажыўцоў.
Адначасова будзе ўдасканалены механізм аказання банкамі паслуг і ажыццяўлення банкаўскіх аперацый. Нараўне з выкарыстаннем электроннага лічбавага подпісу кліент зможа атрымаць банкаўскую паслугу пры дапамозе праграмна-тэхнічных сродкаў і тэхналогій на базе інфармацыі аб першаснай ідэнтыфікацыі без неабходнасці наведвання банкаў. Кліенты будуць абслугоўвацца з улікам рызыка-арыентаванага падыходу пры выкананні кожнай канкрэтнай банкаўскай аперацыі.