24 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. За апошнія пяць гадоў тавараабарот паміж Беларуссю і Узбекістанам вырас у сем разоў. Такія даныя агучыў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксей Багданаў у Ташкенце на пасяджэнні ўзбекска-беларускай рабочай групы па сельскай гаспадарцы і харчовай прамысловасці, паведамілі БЕЛТА на выставачным прадпрыемстве "Белінтэрэкспа" Беларускай ГПП.
У Ташкенце напярэдадні адкрыцця выставак сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання UzAgroExpo і UzProdExpo, дзе будзе прадстаўлены нацыянальны павільён Беларусі, прайшоў шэраг мерапрыемстваў з удзелам беларускай дэлегацыі. У прыватнасці, адбылося пасяджэнне ўзбекска-беларускай рабочай групы па сельскай гаспадарцы, а прадстаўнікі кампаній-экспанентаў наведалі гандлёвыя сеткі Узбекістана.
У другім пасяджэнні ўзбекска-беларускай рабочай групы па сельскай гаспадарцы і харчовай прамысловасці прыняў удзел кіраўнік беларускай дэлегацыі Аляксей Багданаў, а таксама намеснік міністра сельскай гаспадаркі Узбекістана Анвар Асамаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ва Узбекістане Леанід Марыніч, прадстаўнікі канцэрна "Белдзяржхарчпрам", ветэрынарных і жывёлагадоўчых ведамстваў, навуковых устаноў, аграрна-тэхнічных ВНУ дзвюх краін, а таксама фермерскіх гаспадарак.
Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі шырокі спектр пытанняў: перспектывы развіцця супрацоўніцтва Узбекістана і Беларусі ў сельскагаспадарчай сферы, жывёлагадоўлі і ветэрынарыі, узаемадзеянне ў галіне адукацыі і навукі, супрацоўніцтва па стварэнні і рэканструкцыі малочнатаварнага комплексу на тэрыторыі Узбекістана, а таксама патэнцыял удзелу дзвюх краін у сельскагаспадарчых выстаўках UzAgroExpo і UzProdExpo.
"За апошнія пяць гадоў тавараабарот паміж Беларуссю і Узбекістанам вырас у сем разоў. За дзевяць месяцаў 2021 года беларускі экспарт прадуктаў харчавання ў гэту краіну склаў $61,5 млн. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года рост склаў 15,6 працэнта", - адзначыў падчас сустрэчы Аляксей Багданаў.
Па выніках пасяджэння дасягнута дамоўленасць аб супрацоўніцтве па будаўніцтве малочнатаварнага комплексу ў Ташкенцкай вобласці паміж прадпрыемствам "Інстытут "Гомельаграпрампраект" і Міністэрствам сельскай гаспадаркі Узбекістана з прыцягненнем замежных інвестыцый. Таксама плануецца супрацоўніцтва паміж краінамі ў сферы бульбаводства, у аграрнай адукацыі і інш.
На выстаўках UzAgroExpo і UzProdExpo, якія пройдуць з 24 па 26 лістапада ў Ташкенце, Беларусь прадставяць 17 кампаній-экспанентаў, якія дэманструюць навінкі ў сферы харчовай прамысловасці, аграрнага машынабудавання і навукі. Напрацоўкі і дасягненні Беларусі і Узбекістана ў аграпрамысловай сферы будуць таксама разгледжаны ў рамках аграрнага форуму "Узбекістан - Беларусь", які пройдзе 24 лістапада.
Арганізатар экспазіцыі Беларусі на выстаўках UzAgroExpo і UzProdExpo - выставачнае прадпрыемства "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. Экспазіцыя арганізавана пры падтрымцы і ўдзеле Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, Міністэрства сельскай гаспадаркі Узбекістана, а таксама беларускай дыпмісіі ва Узбекістане.