24 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Італія мае намер развіваць інвестыцыйнае супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы зялёнай эканомікі. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італіі ў Беларусі Стэфана Б'янкі перад пачаткам Першага італа-беларускага форуму па зялёнай эканоміцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сектар зялёнай эканомікі вельмі важны і з'яўляецца інавацыйным для абедзвюх краін - Італіі і Беларусі. Яго важнасць пацвярджае і той факт, што ў форуме прымуць удзел больш за 200 арганізацый, палавіна з якіх італьянскія. Да гэтага часу італьянскія інвестары канцэнтраваліся на традыцыйных для італьянскага бізнесу сектарах эканомікі. Мэта форуму - пашырыць іх гарызонты і зрабіць так, каб прыярытэтнымі сталі сферы зялёнай эканомікі, якія таксама важны для Беларусі. На форум прыехалі вядучыя італьянскія прадпрыемствы ў такіх сферах, як альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, эфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў, перапрацоўка адходаў і ахова навакольнага асяроддзя. Спадзяюся, што беларускія і італьянскія партнёры ў час форуму наладзяць інвестыцыйнае супрацоўніцтва і абмяркуюць перспектыўныя праекты", - сказаў Стэфана Б'янкі.
Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шэстакоў падзякаваў арганізатарам форуму за ўвагу да тэмы зялёнай эканомікі. "Беларусь прыхільная да прынцыпаў зялёнай эканомікі. У снежні 2016 года зацверджаны Нацыянальны план дзеянняў па развіцці зялёнай эканомікі ў Беларусі да 2020 года. З улікам нацыянальных і глабальных выклікаў наша дзяржава вызначае зялёную эканоміку як стратэгічны прыярытэт. Італія - адзін з пастаўшчыкоў у нашу краіну перадавога абсталявання і новых тэхналогій. Беларуская прадукцыя не менш запатрабавана на італьянскім рынку: гэта і калійныя ўгнаенні, прадукцыя лёгкай, металургічнай, дрэваапрацоўчай і нафтахімічнай прамысловасці. Гэта ўсяляе ўпэўненасць у тым, што італьянскія кампаніі змогуць і ў далейшым знаходзіць у Беларусі надзейных партнёраў для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, у тым ліку ў галіне зялёнай эканомікі. Беларусь адкрыта для італьянскага бізнесу і заўсёды займае актыўную пазіцыю пры выбудоўванні ўзаемавыгаднага дыялогу", - адзначыў ён.
Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч нагадаў, што ў гэтым годзе Беларусь і Італія адзначаюць 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. "У нас заўсёды было дастаткова дынамічнае ўзаемадзеянне з нашымі італьянскімі партнёрамі ў дзелавой сферы, у гандлі. Італія заўсёды адносілася да ліку нашых значных партнёраў у Еўропе", - адзначыў ён.
Наступны беларуска-італьянскі форум пройдзе ў Мілане (Італія) у маі гэтага года. "На форуме ў Мілане будуць абмяркоўвацца такія тэмы, як прамысловая кааперацыя і інвестыцыйнае супрацоўніцтва, а таксама рэгіянальнае супрацоўніцтва", - сказаў Уладзімір Улаховіч.
Першы італа-беларускі форум па зялёнай эканоміцы праходзіць сёння ў Мінску. Група экспертаў, прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў і асноўных арганізацый, якія маюць адносіны да гэтай сферы, абмяркуе эканамічную сітуацыю ў энергетычнай галіне краіны, удзяляючы асаблівую ўвагу магчымасцям інвестыцый для італьянскіх інвестараў. Адбудуцца таксама сустрэчы фармату B2B і B2G паміж італьянскімі прадпрыемствамі і беларускімі ўстановамі і прадпрыемствамі-ўдзельнікамі. Форум арганізаваны пасольствам Італіі ў Беларусі ў супрацоўніцтве з Беларускай гандлёва-прамысловай палатай пры падтрымцы Італьянскага дзяржаўнага агенцтва па папулярызацыі за мяжой і інтэрнацыяналізацыі італьянскіх прадпрыемстваў, Італьянскага дзяржаўнага экспартна-крэдытнага агенцтва і Гандлёва-прамысловай палаты Італія-Беларусь.