18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Таджыкістан зацікаўлены ў зборцы баваўнаводчых трактароў BELARUS, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў ААТ "МТЗ" па выніках наведвання прадпрыемства ўрадавай дэлегацыяй з Душанбэ.
Урад Таджыкістана разглядае пытанне аб арганізацыі сумеснай вытворчасці, якая можа быць нацэлена не толькі на рынак цэнтральнаазіяцкай краіны, але і на ўвесь рэгіён. Зборачная вытворчасць дасць магчымасць патанніць прадукцыю для фермераў, лічаць у Душанбэ.
"Трактары BELARUS у нас нарасхват - гэта самая адаптаваная да ўсіх агракліматычных зон нашай рэспублікі тэхніка, - сказаў міністр сельскай гаспадаркі Таджыкістана Ізатула Саторы. - Яна лічыцца самай надзейнай. Немалаважна таксама і тое, што даступны запчасткі".
Новы праект па арганізацыі зборкі баваўнаводчых трактароў ацэньваецца таджыкскімі партнёрамі ў $7-8 млн. "Патрэбнасць вельмі вялікая, ёсць заказы і з суседніх краін. Гэты рынак мы павінны заваяваць разам з вамі", - заявіў на перагаворах намеснік міністра прамысловасці Таджыкістана Акрам Рузізода.
Генеральны дырэктар МТЗ Фёдар Дамаценка падкрэсліў, што завод гатовы да рэалізацыі гэтага праекта. "Мы гатовы разглядаць розныя пытанні: і па зборцы, і па далейшай лакалізацыі вытворчасці. Таксама мы акажам поўную інжынерную падтрымку для таго, каб арганізаваць зборку", - запэўніў Фёдар Дамаценка.
Цяпер на палях Таджыкістана працуюць каля 26 тыс. трактароў, больш як палавіна з іх - беларускія.