29 сакавіка, Ашхабад /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Туркменістан у перспектыве могуць выйсці на ўзровень тавараабароту $1 млрд. Аб гэтым заявіў сёння журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Туркменістане Алег Табанюхаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У пасольстве павінны патроіць сваю работу, мы павінны набліжацца да $1 млрд. Мы ўжо сёння прадумваем, як, за кошт чаго будзем гэта ажыццяўляць", - сказаў Алег Табанюхаў.
У 2016 годзе беларускі экспарт перасягнуў адзнаку $112 млн. У Туркменістан пастаўляліся машыны і механізмы для грунтавых работ, грузавыя вагоны, трактары і цягачы, ліфты, металаканструкцыі, лякарствы, этылавы спірт, аўтамабілі спецпрызначэння, электрычныя трансфарматары, будаўнічыя канструкцыі, сыры і тварог.
Экспарт беларускіх паслуг у Туркменістан склаў каля $160 млн. Пры гэтым сфера адукацыі прыносіць Беларусі ў гэтым напрамку штогод прыбытак $20 млн. Ёсць рэзервы ў будаўнічай, медыцынскай, турыстычнай і дзелавых галінах, IT-сферы. "Гэта не мяжа. У нас быў рэкордным 2013 год, калі экспарт склаў $320 млн. Тады было пастаўлена шмат абсталявання для Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната, і было падпісана шмат кантрактаў на пастаўку нашай тэхнікі", - растлумачыў дыпламат.
Павысіць узровень тавараабароту, на думку пасла, можна, напрыклад, за кошт павелічэння паставак беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі, хоць канкурэнцыя ў гэтай сферы сур'ёзная. "Але мы знайшлі сваю нішу. Разлічваем на тое, што ў час візіту (Прэзідэнта Беларусі ў Туркменістан. - Заўвага БЕЛТА), будуць падпісаны нейкія пагадненні ў гэтым напрамку", - адзначыў Алег Табанюхаў.
Карыстаюцца папулярнасцю ў Туркменістане і ліфты беларускай вытворчасці. У бягучым годзе плануецца паставіць у краіну каля 600 адзінак гэтага абсталявання.
"Туркменістан - тая краіна, на якую мы робім стаўкі ў Цэнтральнай Азіі. Побач Іран, Турцыя, Пакістан, Афганістан, Кітай. Адсюль мы можам са сваёй прадукцыяй выходзіць на рынкі трэціх краін", - звярнуў увагу субяседнік.