15 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Парку высокіх тэхналогій адбылася прэзентацыя новаўвядзенняў у рэалізацыі праектаў у сферы лічбавага развіцця Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе парка.
Арганізатарамі выступілі адміністрацыя ПВТ і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. У мерапрыемстве ўдзельнічала каля 60 кампаній - рэзідэнтаў ПВТ, зацікаўленых працаваць на ўнутраным рынку. Значную частку прэзентацыі занялі дыскусіі - прадстаўнікі рэзідэнтаў ПВТ актыўна задавалі пытанні, якія датычацца абароны даных і інтэлектуальнай уласнасці, цэнаўтварэння, прынцыпаў маштабіравання іх прадуктаў, алгарытму ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі арганізацыямі.
"ПВТ з'яўляецца важнейшым пастаўшчыком цвёрдай валюты ў краіну. За мінулы год 75 працэнтаў знешнегандлёвага сальда Беларусі па таварах і паслугах прыпадае на долю Парка высокіх тэхналогій. Важна, што на ўнутраным рынку таксама вядзецца даволі сур'ёзная работа. Сёння ўсё часцей узнікае пытанне аб стымуляванні нашых рэзідэнтаў працаваць на лічбавізацыю ўнутры Беларусі", - адзначыў у час прэзентацыі намеснік дырэктара адміністрацыі ПВТ Кірыл Залескі. Ён дадаў, што сустрэча была арганізавана для таго, каб пачуць прапановы рэзідэнтаў парка наконт укаранення новаўвядзенняў, прадугледжаных указам нумар 136 "Аб органе дзяржаўнага кіравання ў сферы лічбавага развіцця і пытаннях інфарматызацыі". Цяпер Міністэрства сувязі і інфарматызацыі займаецца распрацоўцый дадатковых нарматыўна-прававых актаў.
Намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Ганна Рабава расказала аб перавагах новаўвядзенняў для развіцця эканомікі і бізнесу, падрабязна спынілася на механізме ўкаранення ў эканоміку гатовых рашэнняў, здольным забяспечыць павышэнне ўзроўню лічбавага развіцця галін і рэгіёнаў краіны. Прадстаўнікі ведамства таксама расказалі аб задачах і функцыях Цэнтра лічбавага развіцця і Цэнтра перспектыўных даследаванняў, якім адводзіцца асаблівая роля ў пытаннях лічбавай трансфармацыі Беларусі.
Рэзідэнты ПВТ выказалі інтарэс да этапаў рэалізацыі мерапрыемстваў указа, а таксама да стварэння "вітрыны лічбавых прадуктаў" для развіцця гатовых рашэнняў уласнай распрацоўкі. У час прэзентацыі адзначана, што ўсе мерапрыемствы і працэдуры ў рамках новага заканадаўства нацэлены на падтрымку беларускіх ІТ-кампаній, у прыватнасці на тое, каб яны пашыралі свае гатовыя рашэнні на ўнутраным рынку.