31 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі стаўка рэфінансавання з 31 мая зніжана з 10 працэнтаў да 9,75 працэнта гадавых, паведамляе БЕЛТА.
Памер стаўкі па крэдыце авернайт зніжаны да 10,75 працэнта гадавых, а стаўкі па дэпазіце авернайт - да 8,75 працэнта. Такое рашэнне прынята праўленнем Нацбанка на пасяджэнні па грашова-крэдытнай палітыцы.
Паведамляецца, што нізкія месячныя тэмпы прыросту спажывецкіх цэн абумоўліваюць захаванне трэнду на запаволенне гадавой інфляцыі. У бліжэйшы час чакаецца, што нізкія месячныя тэмпы прыросту спажывецкіх цэн захаваюцца, а паказчык гадавой інфляцыі будзе знаходзіцца ніжэй за 5 працэнтаў.
Будучыя рашэнні па стаўцы рэфінансавання, як адзначылі ў Нацбанку, будуць прымацца з улікам фактычнай і чаканай дынамікі інфляцыі, а таксама ацэнкі рызык з боку ўнутраных і знешніх умоў і рэакцыі на іх фінансавых рынкаў.