18 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праўленне Нацыянальнага банка Беларусі прыняло рашэнне аб зніжэнні з 18 кастрычніка стаўкі рэфінансавання з 11,5 працэнта да 11 працэнтаў гадавых, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка.
Рашэнне было прынята па выніках праведзенага ў канцы верасня штоквартальнага пасяджэння па пытаннях ацэнкі і прагнозу сітуацыі ў эканоміцы і грашова-крэдытнай сферы.
"Інфляцыйныя працэсы прадаўжаюць запавольвацца. У жніўні 2017 года ў гадавым выражэнні прырост спажывецкіх цэн знізіўся да 5,3 працэнта. Асноўны ўклад у запаволенне гадавых тэмпаў росту спажывецкіх цэн уносяць тавары, якія не падпадаюць пад сезонны ўплыў і адміністрацыйнае рэгуляванне", - растлумачылі ў Нацбанку.
Доля тавараў у спажывецкай карзіне, цэны на якія выраслі ў гадавым выражэнні менш як на 5 працэнтаў, павялічылася ў жніўні 2017 года да 63 працэнтаў (каля 30 працэнтаў - раней). З улікам фактычна існуючай дынамікі інфляцыі чакаецца, што прырост спажывецкіх цэн будзе па выніках 2017 года ніжэйшым, чым прагназавалася раней, - бліжэй да 6 працэнтаў. Далейшыя рашэнні па змяненні працэнтных ставак Нацыянальнага банка будуць вызначацца верагоднасцю і велічынёй рэалізацыі інфляцыйных рызык, якія стрымліваюць дасягненне сярэднетэрміновай мэты па інфляцыі (не больш як 5 працэнтаў у 2020 годзе).
Стаўка рэфінансавання зніжаецца ў Беларусі восьмы раз з пачатку года. Так, з 18 студзеня яна знізілася з 18 працэнтаў да 17 працэнтаў гадавых, з 15 лютага - да 16 працэнтаў гадавых, з 15 сакавіка - да 15 працэнтаў гадавых, з 19 красавіка - да 14 працэнтаў гадавых, з 14 чэрвеня - да 13 працэнтаў гадавых, з 19 ліпеня - да 12 працэнтаў гадавых, з 13 верасня - да 11,5 працэнта.