Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

1 Кст 2021

Слука: Сірыя сёння мае патрэбу ў сучасных дасягненнях беларускай эканомікі

Слука: Сірыя сёння мае патрэбу ў сучасных дасягненнях беларускай эканомікі

1 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сірыя сёння мае патрэбу ў сучасных дасягненнях беларускай эканомікі. Такое меркаванне выказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы Юрый Слука на сустрэчы з удзельнікамі беларускай экспазіцыі на міжнароднай прамысловай выстаўцы Rebuild Syria, якая адкрылася з Дамаску 29 верасня. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў выставачным прадпрыемстве "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

"Сірыйская Арабская Рэспубліка пасля больш як 10-гадовага ўзброенага канфлікту на яе тэрыторыі сапраўды сёння мае патрэбу ў сучасных дасягненнях беларускай эканомікі - як у сферы жыллёвага будаўніцтва, так і сферы прамысловага і дарожнага будаўніцтва, машынабудавання, трактарабудавання. Галіны можна пералічваць бясконца. З улікам таго, што ў Сірыі ведаюць Беларусь вельмі даўно - больш за 30 гадоў, - мясцовыя спажыўцы абсалютна ўпэўнены ў якасці беларускай прадукцыі, беларускай тэхнікі. Таму яны чакаюць нашага прыходу сюды. Я думаю, удзел беларускіх суб'ектаў гаспадарання ў такіх выставачных мерапрыемствах - яшчэ адзін крок наперад у напрамку да пастаўленай мэты. Я ўпэўнены, што рух у нас узаемны і мы ў выніку дасягнём адпаведных поспехаў", - сказаў дыпламат.

У экспазіцыі беларускіх вытворцаў Made in Belarus удзельнічаюць сем айчынных прадпрыемстваў, якія дэманструюць тавары і паслугі, запатрабаваныя ў праектах па аднаўленні інфраструктуры і эканомікі Сірыі. Так, новыя мадэлі трактароў, адаптаваныя для работы ў гарачым клімаце, прадстаўляе адно з вядучых прадпрыемстваў па вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі ў свеце - Мінскі трактарны завод. Тэхніка МТЗ ужо шырока прадстаўлена на сірыйскім рынку - у краіне працуе больш за 2 тыс. трактароў "Беларус".

Магчымасці сваёй прадукцыі прадстаўляе Мінскі аўтамабільны завод. Мінскі маторны завод прэзентуе лінейку сучасных дызельных рухавікоў, а таксама запчасткі і іншую прадукцыю. Брэсцкі электратэхнічны завод дэманструе апаратуру чыгуначнай аўтаматыкі, тэлемеханікі і сувязі. "Яго прадукцыя поўнасцю адпавядае патрабаванням мясцовага рынку, бо чыгуначная інфраструктура Сірыі спраектавана па савецкіх стандартах. Сёння сістэма чыгуначных зносін Сірыі разбурана на 80 працэнтаў, таму яе аднаўленне стала важнай задачай для ўрада", - адзначылі ў выставачнай кампаніі.

У экспазіцыі Made in Belarus таксама прадстаўлена Еўрапейскае аграрнае агенцтва "Спецбуд". Кампанія спецыялізуецца на ўзвядзенні будынкаў і збудаванняў, у тым ліку шматпавярховых, праводзіць іх дэмантаж і знос, займаецца сартаваннем і перапрацоўкай будаўнічых адходаў. Акрамя таго, прадпрыемства займаецца селекцыяй цялят і будаўніцтвам малочнатаварных ферм. Напрамкі дзейнасці кампаніі выклікалі цікавасць у сірыйскіх партнёраў, падкрэслілі ў "Белінтэрэкспа".

У завочным фармаце ў выстаўцы ў Сірыі прымае ўдзел прадпрыемства "Белагра Бел" - група кампаній па пастаўках сельскагаспадарчых комплексаў розных вытворцаў. "Дыстанцыйны фармат удзелу прадугледжвае правядзенне перагавораў з патэнцыяльнымі дзелавымі партнёрамі не выязджаючы з Беларусі і забяспечваецца бесперапыннай работай супрацоўнікаў "Белінтэрэкспа", якія знаходзяцца ў Дамаску і знаёмяць сірыйскіх наведвальнікаў з прапановамі беларускіх удзельнікаў", - растлумачылі арганізатары экспазіцыі.

Экспазіцыю беларускіх вытворцаў Made in Belarus наведаў міністр грамадскіх работ і жыллёвага будаўніцтва Сірыі Сухейль Абдэль Лаціф. Ён азнаёміўся з прапановамі беларускіх прадпрыемстваў, даў рэкамендацыі па пашырэнні іх прадукцыі і паслуг на мясцовым рынку, а таксама запэўніў у падтрымцы прапаноў.

Удзельнікі беларускай экспазіцыі правялі шэраг сустрэч з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў і дзелавых колаў Сірыі. У прыватнасці, з віцэ-прэзідэнтам Федэрацыі гандлёва-прамысловых палат Сірыі - прэзідэнтам Гандлёва-прамысловай палаты горада Хомс Лабібам аль-Эхванам, прадстаўніком Беларускай гандлёва-прамысловай палаты ў Сірыі Рыядам Хамадам, прэзідэнтам Федэрацыі ГПП Сірыі па сельскай гаспадарцы Махамедам аль-Кехто, дэпутатам парламента, прэзідэнтам ГПП Дамаскага рэгіёна Асамам Мустафой, членамі сірыйска-беларускага дзелавога савета на чале з віцэ-прэзідэнтам Энаятам Алахам Хасонам і Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Сірыі Юрыем Слукой. Удзельнікі беларускай экспазіцыі таксама наведалі буйнейшую ў Сірыі індустрыяльную зону Хасія, што знаходзіцца ў наваколлі горада Хомс, за 120 км ад Дамаска.

У "Белінтэрэкспа" паведамілі, што сумесна з сірыйскімі партнёрамі яны плануюць арганізаваць серыю кангрэсна-выставачных мерапрыемстваў, якія будуць праходзіць у гібрыдным фармаце па чарзе на тэрыторыі Сірыі і Беларусі. Гэта дасць магчымасць прадстаўнікам розных галін знайсці дзелавых партнёраў, лічаць у кампаніі.

Арганізатар экспазіцыі беларускіх вытворцаў Made in Belarus - выставачнае ўнітарнае прадпрыемства "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. Мерапрыемства праводзіцца пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Сірыі.

Rebuild Syria праводзіцца ў сірыйскай сталіцы з 2015 года. Цяперашняя выстаўка сабрала 190 кампаній з 25 краін, у тым ліку Расіі, Кітая, Індыі і Кубы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі