29 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка рэкамендаваў прадпрыемствам дрэваапрацоўкі больш актыўна выходзіць на рынак Кітая. Аб гэтым ён заявіў сёння на пасяджэнні савета канцэрна "Беллеспаперапрам", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што без пашырэння рынкаў збыту, без пошуку новых пакупнікоў нарасціць аб'ём рэалізацыі прадукцыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі праблематычна. Трэба больш займацца вывучэннем абсалютна новых для драўнянай прадукцыі рынкаў, шукаць рэзервы там. У якасці прыкладу ён прывёў рынак Кітая. "Няхай гэта краіна геаграфічна далёка ад нас, але, на мой погляд, варта ўсё ж разглядаць яе як магчымы рынак збыту. Падлічыць усе варыянты. У Кітаі ўзводзіцца вельмі шмат аб'ектаў. Будаўніцтва паўсюль, попыт на матэрыялы каласальны. Гэта вялікі рынак", - рэзюмаваў намеснік прэм'ер-міністра.
Акрамя таго, Уладзімір Сямашка звярнуў увагу кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія спецыялізуюцца на вытворчасці драўняных пліт, на неабходнасць развіцця ўласных мэблевых вытворчасцей. "Не трэба абмяжоўвацца вытворчасцю матэрыялаў, трэба атрымліваць больш дарагі прадукт. Маючы ўласныя пліты, арганізаваць зборку запатрабаванай, недарагой мэблі ўжо не складана. На гэта і трэба арыентавацца", - падкрэсліў ён.
Базавыя дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы канцэрна пасля мадэрнізацыі ўваходзяць у лік самых сучасных, высокатэхналагічных вытворчасцей на постсавецкай прасторы і не ўступаюць шматлікім еўрапейскім вытворцам. "Аднак гэтага мала, каб выйсці на рынкі. Трэба працаваць над зніжэннем сабекошту, каб атрымаць канкурэнтаздольную цану рэалізацыі. Рэзервы для гэтага ёсць на кожным прадпрыемстве. Неабходна правесці дэталёвы аналіз, раскласці ўсё па пунктах і знайсці рашэнні, як зменшыць выдаткі, на чым сэканоміць. На кожным прадпрыемстве павінна быць адпаведная праграма, над якой трэба працаваць пастаянна", - канстатаваў Уладзімір Сямашка.