15 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Штогадовы прырост турэцкіх інвестыцый у эканоміку Беларусі ў бліжэйшыя гады можа скласці да 30 працэнтаў, паведаміў 15 лютага журналістам сустаршыня беларуска-турэцкага дзелавога савета Дзмітрый Дзічкоўскі перад пачаткам Беларуска-турэцкага бізнес-форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Упор (на форуме. - Заўвага БЕЛТА) будзе зроблены на лагістыку, інвестыцыі. Гэта тыя магчымасці, якія прадастаўляе "Вялікі камень", прэферэнцыі ў малых гарадах. Што датычыцца турэцкіх інвестыцый, то іх штогадовы прырост можа скласці ад 20 працэнтаў да 30 працэнтаў. Гэта істотная сума, вялікія аб'ёмы, якія дадуць магчымасць наладжваць кааперацыю і ствараць тут канкурэнтаздольныя вытворчасці і кампаніі", - падкрэсліў Дзмітрый Дзічкоўскі. Ён удакладніў, што гэта прагноз на бліжэйшыя гады.
Сустаршыня дзелавога савета нагадаў, што турэцкія інвестыцыі ўжо даволі актыўна прыходзяць у Беларусь, турэцкія інвестары актыўна карыстаюцца прэферэнцыямі эканамічных зон. "Акрамя таго, яны бачаць патэнцыял ЕАЭС, бачаць тыя магчымасці, якія ёсць у Беларусі з пункту гледжання геапалітычнага месцазнаходжання", - дадаў ён.
Тавараабарот паміж Беларуссю і Турцыяй практычна дасягнуў $1 млрд. "Па выніках 2016 года ў нас было крыху больш за $800 млн. Рост тавараабароту - добры сігнал, значыць, дзелавая актыўнасць паміж краінамі павялічваецца. Турцыя з'яўляецца адным з буйнейшых эканамічных партнёраў Беларусі", - заявіў Дзмітрый Дзічкоўскі.
Ён звярнуў увагу, што ў гэтай краіне развіты менавіта тыя галіны, якія могуць сур'ёзна дапамагчы далейшаму развіццю эканамічнага патэнцыялу Беларусі. "Гэта аўтакампаненты, будаўнічая галіна, усё, што звязана з тэкстыльнай прамысловасцю. Гэта якраз тыя сектары беларускай эканомікі, якія маюць патрэбу ў новых кампетэнцыях, рэсурсах, інвестыцыях і інавацыях", - канстатаваў субяседнік.
Беларуска-турэцкі бізнес-форум з удзелам прэм'ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова і прэм'ер-міністра Турцыі Біналі Йылдырыма прайшоў у Мінску. У час форуму абмеркаваны перспектывы эканамічнага супрацоўніцтва па шэрагу напрамкаў, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. Сярод іх машынабудаванне, хімічная прамысловасць, тэкстыльная галіна, дрэваапрацоўка, лагістыка, інфармацыйныя тэхналогіі.