5 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ЗАТ "Штадлер Мінск" прадэманстравала электрапоезд мадэлі М110, выраблены для Мінскага метрапалітэна і прайшоўшы ужо выпрабаванні і абкатку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У студзені 2017 года кіраўніцтва ДП "Мінскі метрапалітэн" і ЗАТ "Штадлер Мінск" падпісалі дагавор на пастаўку дзесяці паяздоў метро для сталіцы: 6 чатырохвагонных і 4 пяцівагонныя паязды. У бягучым годзе 6 паяздоў павінны паступіць у карыстанне сталічнай падземкі, астатнія 4 будуць пастаўлены ў 2020 годзе ў адпаведнасці з графікам. Два саставы ўжо знаходзяцца ў электрадэпо, трэці перагоняць сёння ўночы.
З красавіка па верасень бягучага года ў інфраструктуры метрапалітэна праведзены комплекс выпрабаванняў, які ўключаў тармазныя, дынаміка-трываласныя (праверка апорных канструкцый, плаўнасці ходу), цягава-энергетычныя і санітарна-гігіенічныя выпрабаванні, выпрабаванні на электрамагнітную сумяшчальнасць. Сёння журналісты змаглі ацаніць у дзеянні новы чатырохвагонны электрапоезд, стаўшы яго першымі пасажырамі.
Плаўны ход, ніякай духаты і неабходнасці напружваць звязкі, каб субяседнік пачуў. Сучасныя тэхналогіі, прымененыя ў новым рухомым саставе, забяспечваюць надзейнасць, камфорт, зніжэнне ўзроўню шуму за кошт гукапаглынальных матэрыялаў. Кузаў вагона ўяўляе сабой суцэльнаметалічную апорную канструкцыю з алюмініевых сплаваў з тэрмінам службы 50 гадоў. Паводле слоў дырэктара ЗАТ "Штадлер Мінск" Філіпа Брунера, гэта дасць метрапалітэну эканомію на амартызацыі і абслугоўванні. Распрацоўшчыкі гарантуюць кожнаму поезду 560 тыс. км прабегу.
У салоне працуюць сістэмы кандыцыяніравання і відэанагляду. А яшчэ прыемны бонус - месцы для падзарадкі электронных дэвайсаў.
У аснову каляровага рашэння ў знешнім афармленні пакладзены колеры герба Мінска: сіні, белы і чырвоны. Для ўнутранага дызайну выкарыстоўваліся светлыя адценні, лаканічныя формы і суцэльнасць прасторы. Яна, дарэчы, даволі ўмяшчальная: шырынёй вагон даходзіць да 2,65 м, вышынёй - да 3,69 м. Што асабліва зручна - сучлененая канструкцыя з шырокімі міжвагоннымі праходамі. Гэта і дадатковая прастора для пасажыраў, і свабода перамяшчэння па ўсім поездзе.
Рухомы састаў фарміруецца па прынцыпе модульнасці: электрапоезд можна сабраць з любой колькасці вагонаў ад 4 да 8. Даўжыня чатырохвагоннага поезда складае 78,65 м, пяцівагоннага - 97,65 м. Колькасць месцаў для сядзення ў іх 168 і 212 адпаведна (яны размешчаны ўздоўж з мацаваннем да бакавых сцен вагона).
У галаўных вагонах недалёка ад уваходных дзвярэй абсталявана зона для перавозкі асоб з абмежаванымі магчымасцямі, прадугледжаны дадатковыя адкідныя сядзенні.
Машыніст з кабіны можа сачыць за прасторай уздоўж усяго саставу дзякуючы ўсталяваным на кузаве галаўнога вагона лічбавым відэакамерам.
Адна з істотных навацый - сістэма аўтакіравання. Гэта і дадатковы кантроль, бяспека руху, і зніжэнне расходу электраэнергіі, і выкананне графіка руху паяздоў. Аднак у поўнай меры яна будзе выкарыстоўвацца толькі на трэцяй лініі, дзе прадугледжана ўстаноўка ахоўных бар'ераў на станцыях (для аўтаматычнага спынення поезда). На першай і другой лініях для гэтага трэба цалкам мяняць інфраструктуру.
"Мы распрацавалі гэты поезд менавіта для Мінскага метрапалітэна. Ганарымся, што максімальна выкарыстоўвалі пры стварэнні свае рэсурсы. Вядома, мы хочам выкарыстаць яго для прыцягнення дадатковых кліентаў на рынку СНД. Магчыма, у Санкт-Пецярбургу, Азербайджане, Грузіі, у якіх таксама ёсць каляя 1520 мм. Мы маглі б прапанаваць адаптаваны поезд для іх інфраструктуры", - падзяліўся планамі Філіп Брунер.
Завод "Штадлер Мінск" быў афіцыйна адкрыты 20 лістапада 2014 года. Прадпрыемства ўваходзіць у склад швейцарскай кампаніі "Штадлер Рэйл Груп", якая ўжо больш як 75 гадоў з'яўляецца адным з вядучых еўрапейскіх вытворцаў чыгуначнага рухомага саставу. "Штадлер Рэйл Груп" мае таксама філіялы ў Аўстрыі, Аўстраліі, Алжыры, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Германіі, Нідэрландах, Венгрыі, Польшчы, Чэхіі, Італіі і ЗША.