13 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мы бачым інтарэс да Беларусі ў вялікай колькасці інвестараў па ўсім свеце. Аб гэтым сёння журналістам заявіў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных у час круглага стала "Фактары інвестыцыйнай прывабнасці Беларусі і магчымасці анлайн-партала "Дарожная карта інвестара" ў кантэксце работы рабочых груп Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі па супрацоўніцтве з парламентамі замежных дзяржаў па садзейнічанні прыцягненню інвестыцый", паведамляе БЕЛТА.
"Мы абмяркоўваем удзел Палаты прадстаўнікоў і наогул дэпутацкага корпуса ў прыцягненні інвестыцый у Беларусь. У нас прынята праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2025 года. Яна нацэлена на павышэнне якасці жыцця беларускіх грамадзян. І гэтага немагчыма дасягнуць без стварэння вялікай колькасці невялікіх інавацыйных кампаній, якія будуць фарміраваць кластары, ствараць дабаўленую вартасць, новыя, па сутнасці, галіны эканомікі, - сказаў Андрэй Савіных. - Акцэнт у праграме робіцца на выраўноўванні якасці жыцця сталіцы і рэгіёнаў. Гэта значыць, што лакаматывамі эканамічнага развіцця ў бліжэйшыя гады стануць абласныя цэнтры і гарады з насельніцтвам каля 60-80 тыс. чалавек. Не будуць забыты невялікія гарады і раённыя цэнтры, дзе плануецца стварэнне двух-трох новых інавацыйных прадпрыемстваў. Нам неабходна падумаць над тым, як мы маглі б садзейнічаць гэтаму працэсу".
Дэпутаты прадстаўляюць усю рэспубліку. "Яны працуюць у сваіх выбарчых акругах, добра ведаюць мясцовыя ўлады, дзелавую супольнасць. Яны могуць своечасова ўбачыць і падтрымаць цікавую ініцыятыву, інвестыцыйны праект. Паколькі не сакрэт, што гэтыя праекты часта ўзнікаюць на стыку розных ведамасных інтарэсаў. І часам невядома, хто першы павінен падтрымаць гэты праект. Думаю, што мы якраз і можам выступаць у ролі медыятараў, якія дадуць магчымасць павысіць эфектыўнасць і паскорыць гэты працэс, - адзначыў парламентарый. - Работа таксама прадугледжвае паляпшэнне дзелавога клімату. Безумоўна, мы хочам стварыць дадатковыя магчымасці для прыцягнення інвестыцый не толькі замежных, але і інвестыцый беларускіх грамадзян у добрае, якаснае прадпрыемства, у развіццё вытворчага патэнцыялу краіны. Для гэтага цяпер, дарэчы, разглядаецца закон аб замежных інвестыцыях. Плануюцца і іншыя мерапрыемствы, накіраваныя на паляпшэнне дзелавога клімату".
Андрэй Савіных дадаў: "Заходнія краіны, якія ўвялі пэўныя санкцыі ў адносінах да Беларусі, - гэта менш за 30 працэнтаў сусветнай эканомікі. Сёння мы бачым крыніцы інвестыцый, мы бачым інтарэс да Рэспублікі Беларусь у вялікай колькасці інвестараў па ўсім свеце. Гэта Паўднёва-Усходняя Азія, Блізкі Усход і краіны Лацінскай Амерыкі. Я ўпэўнены, што пры належнай арганізацыі работы мы заўсёды зможам прадставіць свае праекты і зацікавіць у іх замежных інвестараў", - канстатаваў ён.
У час круглага стала плануецца абмеркаваць пытанні прыцягнення інвестыцый у рэгіёны Беларусі, магчымасці лічбавага інфармацыйнага рэсурсу "Дарожная карта інвестара", а таксама інвестыцыйныя праекты для развіцця інфраструктуры ўязнога турызму.