11 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет Міністраў Беларусі пастановай ад 9 кастрычніка 2017 года нумар 756 вызначыў штогадовыя паказчыкі экспарту тавараў у Еўрапейскі саюз на 2018-2020 гады. Дакумент апублікаваны сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Самыя вялікія лічбы даведзены да канцэрна "Белнафтахім": у 2018 годзе ён павінен паставіць на экспарт у ЕС тавараў на суму не менш як $2 млрд 786 млн, у 2019-м - $2 млрд 953 млн, у 2020 годзе - $3 млрд 101 млн.
Высокія паказчыкі таксама ўстаноўлены для прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасці: $659 млн, $774 млн і $859 млн адпаведна.
Сярод аблвыканкамаў найбольшы аб'ём экспарту вызначаны для Віцебскага: $375 млн, $397 млн і $417 млн.
Самае нізкае заданне даведзена да Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі - не менш за $1 млн штогод.
Пастановай вызначана, што выкананне паказчыкаў экспарту тавараў у ЕС на 2018-2020 гады з'яўляецца адным з паказчыкаў эфектыўнасці работы кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных ураду, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, іншых арганізацый.
Міністэрству замежных спраў даручана ажыццяўляць штогадовую карэкціроўку паказчыкаў з улікам змянення складу ЕС, наменклатуры тавараў, якія пастаўляюцца ў ЕС, і стварэння ў Беларусі экспартна арыентаваных вытворчасцей.
Згодна з дакументам, дзяржаўныя органы і арганізацыі пры садзейнічанні МЗС павінны забяспечыць распрацоўку на штогадовай аснове пераліку тавараў, перспектыўных для экспарту ў кожную з краін ЕС.
Пастанова ўступае ў сілу з дня яе прыняцця.