11 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Айчынны IT-сектар павінен быць больш арыентаваны на беларускую эканоміку, а не на эканоміку іншых краін. На гэта звярнуў увагу на сённяшнім пасяджэнні Савета Міністраў аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця прэм'ер-міністр Сяргей Румас, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік урада адзначыў, што істотны ўклад у рост эканомікі ў 2019 годзе ўнесла толькі адна галіна - інфармацыя і сувязь. Такая сітуацыя, паводле яго слоў, характэрна не толькі для Мінска, дзе размешчаны Парк высокіх тэхналогій. "Гэта аб'ектыўная рэальнасць: адбываюцца структурныя зрухі як у сусветнай эканоміцы, так і ў нашай", - канстатаваў Сяргей Румас.
ПВТ стаў значным суб'ектам беларускай эканомікі, які забяспечвае паступленне валюты ў краіну. "Гэта добра, але IT-сектар павінен больш працаваць на беларускую эканоміку. Пакуль жа ўзровень узаемадзеяння ўнутры краіны па гэтым напрамку складана назваць дастатковым - усе найноўшыя распрацоўкі працуюць на эканоміку іншых краін", - сказаў прэм'ер.
Гаворачы аб тым, за кошт чаго яшчэ можна забяспечыць прыход новых тэхналогій у краіну, кіраўнік урада адзначыў, што гэта могуць прамыя замежныя інвестыцыі. Але ў 2019 годзе па аб'ёме іх прыцягнення на прагнозныя параметры выйсці так і не ўдалося. Гэты паказчык не выканалі чатыры рэгіёны: Брэсцкі, Віцебскі, Гродзенскі і Мінскі. Відавочна, паводле слоў Сяргея Румаса, зніжэнне актыўнасці на месцах у рабоце з інвестарамі. "Непрадуманыя і непаслядоўныя рашэнні прыводзяць да сур'ёзных вынікаў для краіны і, што не менш важна, - да істотнага пагаршэння ацэнкі патэнцыяльнымі інвестарамі ўмоў інвесціравання ў Беларусь", - падкрэсліў прэм'ер. Ён даручыў Мінэканомікі правесці дэталёвы аналіз гэтай работы і ўнесці прапановы, што рабіць далей, што змяніць у рабоце з інвестарамі.