6 снежня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Іркуцкая вобласць Расіі зацікаўлена супрацоўнічаць з Беларуссю ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці і лесаперапрацоўцы. Аб гэтым на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам заявіў губернатар Іркуцкай вобласці Сяргей Леўчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Паглядзеўшы на вашы прадпрыемствы і вынікі, мы хацелі б з вашым урадам, Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання завесці больш канкрэтныя адносіны для таго, каб сумесна зрабіць некалькі праграм па тых відах прадукцыі, якіх нам пакуль не хапае ў рэгіёне", - сказаў Сяргей Леўчанка.
Яшчэ адным напрамкам супрацоўніцтва можа стаць партнёрства ў прамысловай сферы. "Мы ў гэтым годзе паспелі ўжо дастаткова сур'ёзна пераарыентавацца на вашу тэхніку, якая канкурэнтаздольная не толькі з пункту гледжання якасці і прадукцыйнасці, але і цэн. У гэтым годзе больш як на 200 працэнтаў павялічваем пастаўкі з МАЗ у Іркуцкую вобласць", - звярнуў увагу губернатар.
У Іркуцкай вобласці размешчана самая вялікая ў Расіі лесасека. "Таму разам з міністрам ляснога комплексу мы да вас прыбылі, каб паглядзець сумесныя праекты па перапрацоўцы і здабычы лесу", - сказаў Сяргей Леўчанка.
Іркуцкая вобласць плануе наладзіць супрацоўніцтва з Беларуссю і ў сферы здабычы прэснай вады. "У нас знаходзіцца возера Байкал - гэта 80 працэнтаў усёй прэснай вады ў Расіі. Мы сур'ёзна займаемся і інфраструктурай, і пытаннямі ачысткі, водаадвядзення і водазабеспячэння. У вас нядрэнны вопыт, добрыя азёры і тэхніка", - дадаў губернатар.