18 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы Юрый Сянько 17 кастрычніка сустрэўся з першым віцэ-прэзідэнтам карпарацыі Citic Construction Ян Цзяньцянам. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў пасольстве нашай краіны ў Пекіне.
Бакі абмеркавалі ход рэалізацыі праектаў двухбаковага супрацоўніцтва па перспектыўных напрамках, абазначаных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам у час сустрэчы з Ян Цзяньцянам 22 верасня ў Мінску.
Міжнародная кампанія Citic Construction Co., Ltd з'яўляецца даччынай кампаніяй буйнейшай дзяржаўнай фінансавай карпарацыі Кітая Citic Group, якая ўваходзіць у топ-500 кампаній свету. Цяпер кампанія ўдзельнічае ў рэалізацыі шэрага інвестыцыйных праектаў у Беларусі.
Асноўныя напрамкі яе дзейнасці - будаўніцтва пад ключ аб'ектаў нерухомай маёмасці, у тым ліку прамысловых, інфраструктурных, спартыўных, экспартна-імпартныя пастаўкі механічнага і электроннага абсталявання. Кампанія рэалізуе праекты ў краінах СНД, Паўднёва-Усходняй Азіі, Паўднёвай Амерыкі, Блізкага Усходу і Афрыкі. У 2007 годзе яна адной з першых кітайскіх інжынірынгавых кампаній пачала дзейнасць на тэрыторыі Беларусі.