29 верасня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларуска-славенскае інвестыцыйнае супрацоўніцтва мае тэндэнцыю росту. Упэўненасць у гэтым выказаў, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, кіраўнік дырэктарата эканамічнай дыпламатыі МЗС Славеніі Станіслаў Рашчан.
Ён адзначыў, што пасяджэнне камісіі было вельмі эфектыўным, рэзультатыўным быў таксама беларуска-славенскі бізнес-форум. "Мы адкрылі новыя главы нашага супрацоўніцтва, і я ўпэўнены, што яны будуць паспяхова рэалізаваны", - сказаў Станіслаў Рашчан. Бакі працуюць над праектам пагаднення аб узаемнай абароне інвестыцый.
На думку кіраўніка дырэктарата, цяпер славенскія інвестыцыі накіроўваюцца ў Беларусь, у невялікіх аб'ёмах беларускія - у Славенію. "Аб'ём інвестыцый з двух бакоў пастаянна павялічваецца", - заўважыў Станіслаў Рашчан. Ён таксама расказаў, што разглядаецца магчымасць наладжвання паміж Беларуссю і Славеніяй прамых авіязносін, што садзейнічала б росту турыстычнага абмену.
Акрамя таго, Станіслаў Рашчан назваў перспектыўнымі беларуска-славенскія кантакты ў галіне культуры і мастацтва.