10 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота заклікаў выпрацаваць крытэрыі адзінай энергетычнай прасторы Беларусі і Расіі. Аб гэтым ён заявіў сёння на сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Фарміраванне адзінага энергетычнага рынку Рыгор Рапота назваў адной з галоўных задач на бліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектывы. "Ужо створана адзіная газатранспартная сістэма, галоўным расійска-беларускім праектам у сістэме энергазабеспячэння стала будаўніцтва Беларускай АЭС з удзелам "Расатама". Прагрэс у справе стварэння адзінай энергетычнай прасторы. Справа застаецца за малым - даць дакладныя крытэрыі таго, што мы будзем называць адзінай прасторай. Ні ад аднаго з міністэрстваў гэтыя крытэрыі не атрыманы", - сказаў дзяржсакратар СД.
На парадку дня таксама фарміраванне адзінай структурнай прамысловай палітыкі. Гаворачы аб ідэі стварэння транснацыянальных прамысловых праектаў, Рыгор Рапота адзначыў, што па праектах КамАЗа і МАЗа, МЗКЦ "справа застопарылася". "Аднак ідэя кансалідацыі рэсурснага патэнцыялу дзвюх краін для развіцця вытворчасці высокатэхналагічнай прадукцыі і стварэння сумесных прадпрыемстваў з'яўляецца прадукцыйнай. І гэту работу трэба прадаўжаць", - лічыць ён. У сувязі з гэтым ён назваў важнай ініцыятыву стварэння сумеснага інжынірынгавага цэнтра па станкабудаванні.
Акрамя таго, сярод асноўных задач СД Рыгор Рапота назваў развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, малога і сярэдняга бізнесу, пашырэнне навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, стварэнне адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы, фарміраванне адзінай транспартнай, інфармацыйнай, міграцыйнай і візавай прасторы, улік маёмасці Саюзнай дзяржавы, удасканаленне ўзаемадзеяння ў ваенна-палітычнай галіне.