4 мая, Мінск /Васіль Малашэнкаў - БЕЛТА/. Беларускі і іранскі бакі абмяркоўваюць пытанне стварэння зборачнай вытворчасці БелАЗаў у Іране, паведаміў сёння журналістам міністр прамысловасці Беларусі Віталь Воўк па выніках пасяджэння беларуска-іранскай камісіі па пытаннях эканамічнага супрацоўніцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Іране ўжо дзейнічае вытворчасць Мінскага аўтамабільнага завода, на якім выпускаюцца грузавікі і самазвалы, плануецца стварэнне вытворчасці аўтобусаў. "Таксама мы разглядаем пытанне стварэння зборачнай вытворчасці БелАЗаў. Усё будзе залежаць ад рынку. Галоўнае, каб былі заказчыкі", - растлумачыў Віталь Воўк.
Старшыня іранскай часткі змешанай камісіі, міністр прамысловасці, шахт і гандлю Махамад Рэза Нематзадэ адзначыў, што падпісаная сёння дарожная карта па развіцці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Іранам на 2016-2017 гады павінна надаць імпульс супрацоўніцтву ў розных напрамках, у тым ліку ў прамысловасці. Два разы ў год намеснікі міністраў прамысловасці будуць сустракацца і кантраляваць выкананне дасягнутых дамоўленасцей. "Спадзяёмся, што да канца 2017 года будуць рэалізаваны ўсе сённяшнія дамоўленасці", - сказаў Махамад Рэза Нематзадэ.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Віталь Воўк адзначыў, што дарожная карта развіцця супрацоўніцтва датычыцца машынабудавання, хімічнай прамысловасці, фармацэўтыкі і іншых сфер. Бакі зацікаўлены і ў большым развіцці кааперацыі. Акрамя гэтага, бакі дамовіліся аб павелічэнні аб'ёмаў узаемнага тавараабароту ў разы, але канкрэтных лічбаў міністр пакуль не назваў. Па выніках 2015 года ўзаемны тавараабарот склаў $70,2 млн, а ў студзені-сакавіку 2016 года - $6,4 млн.
Махамад Рэза Нематзадэ запэўніў, што іранскі бок зацікаўлены ў прыходзе інвестараў у сваю горназдабыўную прамысловасць. Ён падкрэсліў, што для замежных інвестыцый няма ніякіх абмежаванняў. Пастаянна праводзяцца тэндары па продажы актываў у горназдабыўной сферы.
Акрамя дарожнай карты бакі, у прыватнасці, падпісалі сёння рабочую праграму на 2016-2017 гады па супрацоўніцтве ў галіне стандартызацыі і сертыфікацыі.