30 кастрычніка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пасол Беларусі ў Расіі Аляксандр Рагожнік разлічвае, што тавараабарот Беларусі і Бранскай вобласці РФ у наступным годзе перасягне $1 млрд. Аб гэтым ён сказаў на сустрэчы з губернатарам Бранскай вобласці Аляксандрам Багамазам, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Пасол падкрэсліў, што дасягнуты бакамі ва ўзаемным гандлі аб'ём амаль $1 млрд не адлюстроўвае існуючы патэнцыял. "Я прыехаў да вас абмеркаваць, як мы перавалім гэты мільярд у наступным годзе і што нам неабходна для гэтага дадаткова зрабіць. Я вас запэўніваю, што пасольства і я асабіста будзем рабіць усё не толькі для росту тавараабароту, але і для развіцця дружалюбных адносін паміж Беларуссю і Бранскай вобласцю", - паабяцаў ён.
Аляксандр Рагожнік канстатаваў, што Бранская вобласць з'яўляецца ў нечым унікальнай сярод рэгіёнаў Расіі, паколькі яе суседствам з Беларуссю абумоўлена ўзаемадзеянне двух бакоў ва ўсіх без выключэння сферах. "Я шчыра ўдзячны вам за тое стаўленне да Беларусі, якое ў вас прысутнічае, вы ўдзельнічаеце ва ўсіх міжнародных форумах, у вас склаліся выдатныя ўзаемаадносіны са старшынёй Гомельскага аблвыканкама Іванам Крупко", - сказаў пасол, звяртаючыся да губернатара.
Пры гэтым ён заўважыў, што Бранская вобласць дабілася вялікіх поспехаў у сельскай гаспадарцы, у тым ліку ва ўраджайнасці збожжавых культур і бульбы. У сувязі з гэтым Аляксандр Багамаз паведаміў, што Бранская вобласць падзялілася ўжо сваімі тэхналогіямі і сакрэтамі павышэння ўраджайнасці са сваімі суседзямі з Гомельскай вобласці.