14 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рабатызаваны агнявы комплекс "Берсерк" будзе прадстаўлены ў Мінску на міжнароднай выстаўцы ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі MILEX-2019, якая пройдзе ў маі бягучага года. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэце.
Універсальны рабатызаваны агнявы комплекс (РАК) "Берсерк" - перспектыўная распрацоўка ТАА "БСВТ - новыя тэхналогіі". Доследны ўзор быў прадэманстраваны шырокай грамадскасці на парадзе 3 ліпеня 2018 года ў Мінску.
Аддаленае кіраванне комплексам дае магчымасць гарантаваць бяспеку асабовага складу пры выкананні баявых задач. "Выкарыстанне найноўшых оптыка-электронных сістэм гарантуе лёгкасць кіравання, дакладнасць выяўлення і распазнавання цэлей. Высокая манеўранасць і праходнасць забяспечваюць выкананне задач у складаных умовах мясцовасці пры любым надвор'і. Шырокі спектр вырашальных задач дасць магчымасць эфектыўна прымяняць яго ў розных умовах баявой абстаноўкі", - адзначылі ў Дзяржкамваенпраме.
"Берсерк" здольны паражаць як паветраныя, так і наземныя цэлі - лёгкабраніраваную тэхніку і жывую сілу праціўніка. "Дакладнасць агню фенаменальная. На далёкасць 400 м са 100 выстралаў 100 куль кладуцца ў круг дыяметрам 50 см", - падкрэслілі ў ведамстве.
Комплекс узброены спараным авіяцыйным чатырохствольным кулямётам ГШГ калібру 7,62 са скарастрэльнасцю да 6 тыс. выстралаў за мінуту. Ён прызначаны для вядзення эфектыўнага агню з месца на адлегласць да 1 км па наземных і паветраных цэлях, якія рухаюцца са скорасцю да 300 км/гадз.
"Берсерк" аснашчаны оптыка-электроннай станцыяй з цеплавізарам. Дзякуючы гэтаму ён выяўляе беспілотнікі на адлегласці да 3 км, а верталет - да 10 км. Комплекс мае магутны радыёперадатчык як для сігналаў тэлеметрыі, так і для перадачы відэасігналу высокай дакладнасці. Радыус устойлівага кіравання "Берсерка" ў горадзе - каля 2 км. На адкрытай мясцовасці - больш за 5 км. Пры неабходнасці радыус баявога кіравання можна павялічыць пры дапамозе рэтранслятара, устаноўленага на квадракоптар. Кіраванне комплексам аператар ажыццяўляе пры дапамозе ўніверсальнага пульта", - расказалі ў Дзяржкамваенпраме.
Робат упэўнена перамяшчаецца па пяску, гравіі, забалочаных участках мясцовасці. Ён пераадольвае крутыя пад'ёмы і спускі, траншэі. Высокую рухомасць забяспечваюць моцныя электрарухавікі. Галоўная яго перавага перад канкурэнтамі - універсальная гусенічная платформа, на якой магчыма стварэнне рабатызаваных комплексаў розных мадыфікацый. Выраб мае высокі патэнцыял для мадэрнізацыі. Цяпер праграмісты "БСВТ - новыя тэхналогіі" актыўна працуюць над тым, каб "Берсерк" захопліваў цэлі аўтаматычна, а ў перспектыве і распазнаваў іх.
Як паведамлялася, "Берсерк" быў прадстаўлены Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку 5 кастрычніка 2018 года на 174-м вучэбным палігоне ВПС і войскаў ППА ў Даманаве, дзе адбыўся паказ сучасных і перспектыўных узораў тэхнікі і ўзбраення айчыннай распрацоўкі. "Гэта самая высокая дакладнасць. Гэты робат - добрая тэхніка. Мы іх будзем вырабляць, удасканальваць і ставіць на ўзбраенне. І за граніцай попыт на іх ужо ёсць", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.