17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парк высокіх тэхналогій і ПАТ "Ашчадбанк Расіі" будуць супрацоўнічаць у сферы інавацыйнай адукацыі. Такая дамоўленасць дасягнута дырэктарам ПВТ Усеваладам Янчэўскім і прэзідэнтам, старшынёй праўлення ПАТ "Ашчадбанк" Германам Грэфам, які наведаў ПВТ 16 ліпеня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Парка высокіх тэхналогій.
Усевалад Янчэўскі азнаёміў Германа Грэфа з асноўнымі напрамкамі работы парка, асаблівасцямі беларускага заканадаўства ў сферы высокіх тэхналогій і перадавымі распрацоўкамі рэзідэнтаў ПВТ. Герман Грэф высока ацаніў вынікі работы парка і прапанаваў дэталёва вывучыць магчымасці двухбаковага ўзаемадзеяння.
Кіраўнікі Ашчадбанка і ПВТ дамовіліся аб актыўным супрацоўніцтве ў праектах інавацыйнай адукацыі. Усевалад Янчэўскі адзначыў, што перадавы вопыт Ашчадбанка ў гэтай сферы заслугоўвае самай пільнай увагі.
Герман Грэф выступіў у ПВТ з лекцыяй аб тэндэнцыях развіцця штучнага інтэлекту у Расіі і свеце. Нефармальная сустрэча з прадстаўнікамі беларускай IT-супольнасці доўжылася больш за дзве гадзіны. На ёй прысутнічалі стваральнікі і распрацоўшчыкі ўнікальных беларускіх прадуктаў у сферы штучнага інтэлекту, машыннага навучання, дапоўненай і віртуальнай рэальнасці. Абмяркоўваліся пытанні лічбавай даступнасці банкаўскіх паслуг і галоўныя трэнды ў мабільным свеце. "Эксперты сышліся на думцы, што штучны інтэлект непазбежна заменіць сабой шматлікія традыцыйныя прафесіі. Разам з тым з развіццём тэхналогій з'яўляюцца цэлыя галіны для новых ведаў і дзясяткі мільёнаў новых рабочых месцаў па ўсім свеце", - адзначылі ў ПВТ.